Іна Снарская — сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Нацыянальнай суполкі пісьменьнікаў Украіны, ляўрэатка літаратурна-мастацкіх прэмій Францішка Скарыны (Беларусь), Васіля Сіманэнкі, Івана Катлярэўскага, Леаніда Бразава (Украіна). Сёньня мы гаворым зь ёю ня столькі пра паэзію ў яе жыцьці, колькі пра жыцьцё паэткі ў стане вайны.
— Спадарыня Іна, як і дзе вы даведаліся, што на вашу краіну напалі расейскія войскі? Як вы ўспрынялі навіну пра вайну?— На самой справе вайна Ўкраіны і Расеі пачалася яшчэ восем гадоў таму. Думаю, ужо ніхто ня верыць, што гэта шахцёры ўзялі ў рукі зброю, бо нечым былі незадаволеныя… Тады я працавала на абласным тэлебачаньні рэдактарам, і мы з калегамі кожны тыдзень па чарзе рабілі перадачы пра ўкраінскіх герояў, якія загінулі. Дзясяткі зь іх былі й з Палтаўскай вобласьці… Так што трывожны фон блізкай вайны я адчувала з 2014 году. І ўсё ж мала хто мог паверыць у тое, што лякальны канфлікт перарасьце ў поўнамаштабны, што РФ дазволіць сабе адкрыта напасьці на сувэрэнную дзяржаву…
Вострае прадчуваньне немінучай вайны ахапіла мяне яшчэ 22 лютага. Тады я напісала свой першы верш на гэтую тэму. Радкі прыйшлі па-ўкраінску, бо за амаль 35 год, што я жыву ва Ўкраіне, гэтая мова стала мне блізкай, дарагой, амаль роднай. 23 лютага я падзялілася з мужам і сынам прадчуваньнямі, што вось-вось пачнецца вайна, яны ня верылі, казалі, што я начыталася навінаў. У ноч з 23 на 24 лютага ў нас застаўся начаваць унук, мы спалі зь ім у маім пакоі. Усю ноч я не магла заснуць, задрамала толькі пад ранак. Прачнулася ад таго, што ўвайшоў муж і дужа сумна паглядзеў на нас з малым, я проста адчула яго погляд. «Вайна?» — «Так. Бамбілі Кіеў, Харкаў, Адэсу». А за вакном ужо гучала паветраная трывога, аўтамабілі лёталі, як шалёныя. Уладзімер паехаў запраўляць аўтамабіль, а я сядзела каля малога, не наважвалася яго будзіць, толькі безьперапынна малілася Богу…
— Ці было жаданьне кудысьці ўцякаць ад вайны? Напрыклад, на радзіму ў Беларусь, якую ўкраінцы раней лічылі выспай стабільнасьці і парадку, а цяпер краінай, зь якой ляцяць на іх ракеты…— Канешне, было вельмі страшна, бо разумела: наш звычны сьвет руйнуецца і ўжо ніколі ня будзе такім, як раней. Хвалявалася ня столькі за сябе, колькі за родных, асабліва за ўнука. Першай думкай было пераехаць у вёску, дзе ў нас лецішча, але потым вырашылі застацца ў горадзе, трымацца ўсе разам. Эвакуацыя за мяжу не разглядалася, хоць і была такая магчымасьць. Знаёмыя прапаноўвалі ехаць у Літву або Польшчу. Пра Беларусь ня думалася, бо зь яе тэрыторыі абстрэльвалі нашы гарады. Ад пачатку вайны з гэтага накірунку «прыляцела» каля 600 ракет. Абстрэлы не прыпыняюцца і да гэтага часу. Таму ня дзіўна, што нехта пачаў успрымаць беларусаў варожа.
Мне нават задавалі пытаньні тыпу: «чаму беларусы не выступаюць актыўна супраць вайны, няўжо ім усё роўна?». Як на пачатку вайны, так і цяпер, я намагаюся дыпляматычна тлумачыць рэаліі жыцьця ў Беларусі, разглядаць пытаньне ў гістарычным кантэксьце, нагадваць пра падзеі 2020 году і гэтак далей. Упэўненая: зрухі ёсьць. А нядаўна кіраўнік Офісу Прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч у адным з інтэрвію сказаў: «Мы зьбіраемся будаваць доўгія і шчасьлівыя адносіны з беларусамі… больш блізкага і роднага нам народа цяжка ўявіць».
— Вы засталіся ў Палтаве. Што адбывалася ў вашым горадзе ад 24 лютага і як выглядае сытуацыя цяпер?— Сёньня амаль кожны ва Ўкраіне нешта робіць для перамогі. Тут вельмі моцны валянтэрскі рух. Нават мы зь сяброўкамі навучыліся плесьці маскавальныя сеткі. У нас шмат перасяленцаў з Харкава, Сум, Луганскай і Данецкай абласьцей, ёсьць дзеткі з Валнавахі, так што работы для валянтэраў хапае. Створана дзясяткі пунктаў, куды людзі зносяць адзеньне, прадукты, мэдыкамэнты… Бачыла параненых людзей, дзяцей, сабак. Гэта вельмі страшна, адчуваецца: лінія фронту блізка.
Больш за ўсё вымотваюць паветраныя трывогі, асабліва ноччу. Але гэта дробязі параўнальна з тым, што адбываецца ў Харкаве, на ўсходзе і поўдні Ўкраіны. Марыюпаль, Буча, Ахтырка, Ізюм — гэта суцэльныя раны. Не магу пра іх думаць бязь сьлёз… На сёньня няма ніводнага больш-менш бясьпечнага рэгіёну Ўкраіны, куды б не далятала «сьмерць». Мэтанакіравана руйнуюцца гарады, мястэчкі, вёскі, рушыцца інфраструктура. Нават Закарпацьце нядаўна абстралялі…
Вельмі хвалююся за ўнука. Як растлумачыць чатырохгадоваму хлопчыку, што адбываецца зараз, чаму мы хаваемся ў падвале, якія словы знайсьці, каб растлумачыць, што такое вайна? Невялічкая замалёўка з натуры. Унук рашуча, апантана водзіць сінім флямастэрам па аркушы, крэсьліць вэртыкальныя лініі, закручвае ў сьпіралі. Цікаўлюся: «Што ты малюеш?» «Вайну». І раптам пытае ў мяне: «Буся (так ён мяне называе, паходнае ад „бабуся“), а чаму калі гучыць сырэна, гэта азначае небясьпеку?».
Паветраная трывога часта бывае ноччу, часам па некалькі разоў. Сын і нявестка ўжо не бягуць у падвал, каб не спужаць малога, хаваюцца ў калідоры, дзе няма вокнаў. У шафе Макару паслалі матрасік, дзе ён засынае, не дачакаўшыся адбою трывогі…
— З пачаткам вайны ва Ўкраіне пачалася кампанія за пазбаўленьне ад тапаграфічных назваў, зьвязаных зь Беларусьсю і беларусамі, чыё жыцьцё і творчасьць пакінула прыкметны сьлед ва ўкраінскай гісторыі і культуры. Дасталося і Якубу Коласу. Вы выступілі з публічным лістом пратэсту супраць такіх дзеяньняў. Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра гэтую хвалю «дэбеларусізацыі», калі так можна сказаць, Украіны.— Гэта не зусім так. Я б не называла гэтую хвалю «дэбеларусізацыяй». Перш за ўсё ідзе мова пра «дэрусіфікацыю». Пасьля таго, што Расея зрабіла з Украінай, гэткую рэакцыю можна зразумець. Аднак я асабіста не падтрымліваю «змаганьне» зь пісьменьнікамі й помнікамі. Нікога не хачу абразіць, але часам хочацца сказаць гэтым «разумнікам»: хочаш абараніць краіну — бяры ў рукі аўтамат, ідзі ваяваць. Калі нелюдзі руйнуюць помнікі Тарасу Шаўчэнку, гэта вандалізм, але навошта ім «упадабняцца», пазбаўляцца помнікаў, напрыклад, Пушкіну? Трэба заставацца эўрапейскай краінай, а не рабіць так, як робіць вораг. Гётэ, Шылер, Бах, Бэтховэн не адказвалі ж за фашыстоўскую Нямеччыну. Хваля нянавісьці да ворага не павінна зносіць усё на сваім шляху. Трэба паводзіцца як мінімум цывілізавана…
Калі я даведалася, што прапануюць перайменаваць вуліцу Якуба Коласа ў Кіеве, гэты факт мяне абурыў. Трэба спачатку разабрацца, хто ёсьць хто. Вядома ж, я выступіла ў абарону Якуба Коласа, хоць ён і не патрабуе маёй абароны веліччу сваёй постаці і таленту. Пазьней я даведалася, што зьбіраюцца пераймяноўваць вуліцы шмат якіх пісьменьнікаў савецкага часу, у тым ліку і ўкраінскіх. «Пацерпяць» усе, хто нейкім бокам меў дачыненьне да Расеі. Ужо дайшлі да байкара Леаніда Глебава, матэматыка Міхайла Астраградзкага, якія, дарэчы, нарадзіліся на Палтаўшчыне… Пішуць, праўда, што кожнае перайменаваньне будуць разглядаць асобна і абмяркоўваць. Хацелася б у гэта верыць…
— А да вас асабіста як да паэткі-беларускі ці зьмянілася стаўленьне вашых сяброў, знаёмых, прыхільнікаў вашай творчасьці?— З пачаткам вайны стаўленьне да мяне, як да асобы і беларускамоўнай пісьменьніцы не зьмянілася. Я ж яшчэ і ўкраінамоўная аўтарка, заўсёды адкрыта выказваю сваю пазыцыю, як нацыянальна-сьвядомую беларускую, так і ўкраінскую. Сапраўды, я «прырасла» да гэтай зямлі, як да сваёй роднай, усёй душой падзяляю боль і гора Ўкраіны. Што я магу зрабіць для нашай перамогі? Мая зброя — слова. Хоць і малавата (хацелася б больш), але ж пішу, прычым дзьвюма мовамі. Не хаваюся, не маўчу, наадварот падкрэсьліваю, што я беларуска, ганаруся. Чытачы ставяцца да гэтага з павагай і сымпатыяй, як мне здаецца.
На ФБ выстаўляю тэксты па-ўкраінску і па-беларуску папераменна, бо менавіта так і пішацца. Магчыма, прагучыць ня надта сьціпла, але ва Ўкраіне, тым больш у Палтаве, шмат хто адчуў водар беларускай мовы, смак яе, дзякуючы маім вершам. Так было яшчэ з маладосьці, ад першых вершаў на роднай мове, так адбываецца і цяпер. Усе свае лепшыя беларускія вершы я напісала ва Ўкраіне…
— А як адбілася вайна на вашых вершах? Увогуле, што гэта такое, па-вашаму, паэзія пасярод забітых, зьнявечаных, у моры крыві і на руінах разбомбленай роднай краіны?— Спачатку, калі пачалася вайна, у мяне быў суцэльны псыхалягічны шок: не магла пісаць, чытаць і нават глядзець мастацкія і дакумэнтальныя фільмы. Месяц ня брала ў рукі кніг, толькі бясконца чытала навіны ў інтэрнэце, глядзела тэлемаратон, зноў жа такі з навінамі, камэнтарамі вайскоўцаў, журналістаў, палітолягаў. Такая рэакцыя была шмат у каго, як я даведалася пазьней. Каб нечым заняць сябе пад час паветраных трывог, пачала пісаць проста ў тэлефоне невялічкія нататкі, такі сабе міні-дзёньнік. Паступова пачалі «прабівацца» вершы, якія мелі лекавальны эфэкт перш за ўсё для мяне самой. Ад таго часу дзялюся вершамі і думкамі на ФБ, які стаў для мяне адзіным публічным каналам сувязі з чытачамі…
За падзеямі, якія адбываюцца ва Ўкраіне і на фронце, сачу штодзённа. Мой ранак цяпер пачынаецца ня з кавы, а з прагляду стужкі навінаў. Куды за ноч «прыляцела»? Калі ў гэтых гарадах ёсьць знаёмыя, званю або пішу ім. Як яны, што з імі?.. Так хочацца прачытаць ці пачуць нешта сьветлае, пазытыўнае, а яго няма. Таму ў вершах не дазваляю сабе ныцьця і «безнадзёгі». Нават туга павінна быць сьветлай, трэба, каб заставалася надзея. Шчыра веру ў перамогу Ўкраіны!
Пасьля адной публікацыі знаёмая, якая была змушана пераехаць з «гарачага» рэгіёну, напісала: «Пані Іна, мне так падабаюцца Вашы вершы, асабліва беларускія, але мая хата згарэла пад час баявых дзеяў. Разам з хатай згарэлі ўсе кнігі, у тым ліку Вашы, тыя, што я атрымала перад вайной. Ці маглі б Вы потым, калі прыйдзе мір, прыслаць мне Вашы вершы яшчэ раз?» Хацелася плакаць і цалаваць рукі гэтай неверагоднай жанчыне, якая ў сваім горы думае пра кнігі і вершы…
— На вашай старонцы ў Фэйсбуку мы прачыталі такі верш.
Літак1
Макару чотири роки, його лякають повітряні тривоги,
особливо, коли застають на вулиці.
Малому хочеться бігти додому, щоб сховатися,
вдома йому не так страшно.
Щоб якось заспокоїти онука, я придумала гру-замову,
коли звучить сирена, треба казати: «Я літак, я не боюся!»
— Буся, а літак літає високо?
— Так, мій рідний.
— Вище нашого дома і вище хмар?
— Звісно.
— Тоді я хочу літати вище сирен і вище війни.
2
«А я літак, я не боюся, —
каже онук, — ми потерпимо, буся.».
Потерпимо… Терен долоні коле…
але ми на волі.
Онучок маленький, не бійся, не бійся,
ми летимо вище терену, листя,
вище повітряних жахів-тривог
і над нами лиш Бог.
17.04.2022р.
Выглядае, што гэтым вершам вы палекавалі, прынамсі, адну душу маленькага чалавека. А ці былі іншыя падобныя псыхатэрапэўтычныя эфэкты ад вашых вершаў?— Псыхатэрапэўтычны эфэкт ад паэтычнага слова мне добра вядомы. Сама ня раз чытала вершы іншых паэтаў, каб адпачыць душой, забыць балючае, непрыемнае. Асабліва шаную кнігі знаёмых пісьменьнікаў з аўтографамі. Калі хочацца «дакрануцца» да Радзімы, я дастаю з паліцы кнігі Леаніда Дранька-Майсюка, Міхася Скоблы, Уладзімера Арлова, Валянціны Аксак, Барыса Пятровіча, Дануты Бічэль-Загнетавай, Наталіі Русецкай… і нібы размаўляю з усімі імі…
Мне ўсе кажуць: пішы больш, гэта патрэбна людзям, як паветра. Я б не перабольшвала сваё значэньне. Цяпер шмат пішуць, у тым ліку і на ФБ. Але хочацца падарыць людзям самае лепшае, што ў мяне ёсьць, той дар слова, які «не мы, а цераз нас».
Усё будзе добра! Слава Ўкраіне! Жыве Беларусь!
Іна Снарская. Вершы ваеннай вясны* * *
Праўда мая сярмяжная:
Тут мяжа, там мяжа,
Ворага нішчым адважна мы,
Калі перамога падкажаш?
Воля мая прывольная,
Хмара плыве раптоўная,
Рэкі ў крыві гаручыя,
Плачу дажджамі ў Бучы я.
Калі ўжо спачын у маім даму?
Сырэны равуць як Сірыны,
Госпадзі, папускаеш чаму?
Дай жа, малю, крылы нам,
Каб прачнуцца ў цішыню.
Але не згасае надзея.
Вербная сёньня Нядзеля.
17.04.2022 г.
* * *
Дрэвы, як салдаты, паміраюць апоўначы,
— Волі, волі! — паўтараюць яны.
Я бачу іхныя вочы.
Ва-я-ры.
А дрэвы такія моцныя,
Карэньнем рэжуць зямлю,
— Воля! Воля! — гучыць, як знаменьне.
Я ня сплю.
«Люлі-люлі, — сьпяваю,
Засьні, дзіця», —
Усім тым, хто за волю
Аддаў жыцьця.
Ах, зноў вымаўляю па-ўкраінску,
Па-беларуску будзе «жыцьцё».
Так рукі сплятаюцца бліскаўкамі.
Адкрыцьцё?
Поўня, як збан з маланкамі,
Чую — зьвініць…
Гэта дрэвы такія моцныя
Хочуць жыць.
Адарваныя ад карэньня
Усё ж цьвітуць.
Абрыкосы, як адкравеньне,
Тут.
20.04.2022 г.
НадзеяПерад Вялікаднем мыю вокны,
як рабілі мая бабуля і маці:
сонца няхай абцалуе хату,
каб жыць тут, доўга жыць…
На праменьчыку красы, чысьціні
і нават немагчымага,
кажу вайне: «Не!»
Так рабілі мая бабуля і маці,
так раблю я.
Дзея з надзеяю на перамогу.
22.04.2022 г.