«Паэты планеты» – адметны кніжны праект
2022-07-11 14:55
У галіне мастацкага перакладу адметным кніжным праектам апошніх гадоў з’яўляецца серыя «Паэты планеты».
Зборнікі паэзіі паэтаў з розных краін і нават розных эпох выходзяць у выдавецтве Змітра Коласа. Гэтая ініцыятыва заклікана паказаць як сучасны стан перакладчыцкай справы ў паэзіі, так і звярнуць увагу на раней зробленае.
«Нягледзячы на ўсе сённяшнія складанасці, будзем працягваць гэты праект», – кажа сябра рэдкалегіі серыі Лявон Баршчэўскі.
– Цяпер, на жаль, апошнія кнігі ў звязку з гэтымі сітуацыямі.., проста банальна, і з паперай узніклі праблемы. Мы выдалі па 99 асобнікаў. І, на жаль, шматлікія патэнцыйныя чытачы – не ў Беларусі. Але ёсць спадзяванне, што мы зноў вернемся да ранейшых накладаў і атрымаецца нешта з гэтага.
Кніжную серыю «Паэты Планеты» варта разглядаць як важную ўсебеларускую кніжную справу, як сведчанне прэстыжу беларускай кнігі ўвогуле. Рэдкалегія і выдавец Зміцер Колас не збіраюцца спыняцца, нават у сённяшні цяжкі час, і мяркуюць давесці колькасць зборнікаў у серыі да сотні. Усяго ўжо выйшла 84 паэтычныя зборнікі.
Беларускае Радыё Рацыя