- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Вайна шпарка кацілася пад адхон, днямі быў узяты Бэрлін, а мы ўперліся ў нямецкі абарончы рубеж за невялікім аўстрыйскім гарадком і трэці дзень стаялі на месцы. Немцы часам пастрэльвалі з гарматаў і мінамётаў, і тады сярод ладных, вастраверхіх дамкоў гахалі выбухі, і ўшчэнт разьлятаўся наўкола чырвоны друз чарапіцы. Каб ня той даховачны ды цагляны друз, якім быў закіданы асфальт, было б дужа здатна каціць на ровары, асабліва ад павароткі ўніз да паўразьбітай дамоўкі на рагу, за якой ля рэчкі стаялі акапаныя гарматы. Увогуле было небясьпечна, маглі і падстрэліць, хоць кулі зь недалёкага “перадку” сюды не даляталі. Але каб ня міны. Ад мін, гэтага нямецкага пачварства, схову на перадавой не было нідзе — ні ў полі, ні ў лесе, ні ў горадзе. Хіба ў зямлі. Але ў зямлі ўжо не сядзелася — наседзеліся за вайну. А тут буяла вясна, напоўніцу зелянела абсыпаная жоўтымі казяльцамі трава на пустцы, у гародчыках пры дамках зацьвітаў бэз, удзень прыгравала сонца. На душы павальнела, нават штосьці зарадавалася ўнутры ў няпэўным прадчуваньні маладой бяздумнай удачы. Асабліва, калі табе трошкі за дваццаць, і ўпершыню за вайну зьявілася спадзяванка выжыць. Ды сёньня трапіўся пад рукі спраўны ровар, на якім не катаўся зь дзяцінства (фрагмэнт)