Пакараць вінаватых у блякаваньні Чырвонага касьцёла
2020-08-27 11:15
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч зрабіў заяву ў сувязі з
інцыдэнтам з удзелам супрацоўнікаў сілавых структураў на тэрыторыі
Чырвонага касьцёла, паведамляе Catholic.by.
«Знаходзячы за мяжою, я зь вялікім болем успрыняў скупыя зьвесткі пра блякаваньне ўзброенымі байцамі АМАПу ўваходу і выхаду ў менскім Чырвоным касьцёле, што мела месца 26 жніўня.
У адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусі людзі маюць права
маліцца, свабодна заходзячы для гэтага ў касьцёл і бесьперашкодна
выходзячы зь яго. Блякаваньне выхадаў сьвятыні і стварэньне перашкоды
для свабоднага ўваходу і выхаду людзей зьяўляецца грубым парушэньнем
правоў вернікаў і свабоды веравызнаньня.
У сувязі з гэтым інцыдэнтам я цалкам падтрымліваю зробленую ў маю адсутнасьць
заяву
генэральнага вікарыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя
Касабуцкага і як старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі
заяўляю свой рашучы пратэст супраць неправамерных дзеяньняў сілавых
структураў, якія паводле свайго прызначэньня пакліканы абараняць
асноўныя правы грамадзянаў, у тым ліку і права на свабоду веравызнаньня,
а не перашкаджаць у іх рэалізацыі, гарантаванай заканадаўствам
Рэспублікі Беларусь.
Неадэкватныя і супрацьпраўныя дзеяньні, якія мелі месца на тэрыторыі
касьцёла сьвятога Сымона і сьвятой Алены, павінны быць расьсьледаваны, а
вінаватыя панесьці пакараньне ў адпаведнасьці з заканадаўствам
Рэспублікі Беларусі.
Гэтыя і падобныя дзеяньні супрацоўнікаў сілавых структураў не
спрыяюць зьняцьцю напружанасьці дзеля хутчэйшага ўсталяваньня міру і
згоды ў беларускім грамадзтве ў той час, калі Каталіцкі Касьцёл заклікае
да прымірэньня і дыялёгу з мэтаю вырашэньня нябачанага ў нашай краіне
сацыяльна-палітычнага канфлікту», — напісаў мітрапаліт менска-магілёўскі
Тадэвуш Кандрусевіч.
Увечары 26 жніўня на плошчы Незалежнасьці сабраліся некалькі сотняў
чалавек. Сілавікі заблякавалі ў Чырвоным касьцёле каля 100 чалавек.
Касьцёл зноў адчынілі толькі праз 30–40 хвілін.
Генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп
Юры Касабуцкі заявіў пратэст у сувязі зь дзеяньнямі сілавікоў, якія заблякавалі ўваход і выхад у Чырвоны касьцёл, паведамляе
Сatholic.by, і папярэдзіў улады Беларусі і кіраўніцтва сілавых структураў, што падобныя дзеяньні — «недапушчальныя і незаконныя».
«Касьцёл зьяўляецца сьвятыняй Бога, якую могуць свабодна наведваць
усе жадаючыя. Блякаваньне ўваходу і выхаду людзей супярэчыць
гарантаванаму Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусі праву грамадзянаў на
свабоду сумленьня і веравызнаньня, абражае пачуцьці вернікаў і выходзіць
за межы законаў чалавечых і Божых», — заявіў біскуп Юры Касабуцкі.