- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Былы старшыня Бялыніцкага райвыканкама працягвае знаходзіцца пад арыштам Як стала вядома рэдакцыі нашай газеты з дакладна інфармаваных крыніц, былы старшыня Бялыніцкага райвыканкама Аляксандр Ільянаў па ранейшаму знаходзіцца пад арыштам у следчым ізалятары г. Мінска. Ужо некалькі тыдняў сярод насельніцтва Бялыніцкага і Горацкага раёна цыркулюе інфармацыя, што быццам бы Аляксандра Ільянава вызвалілі з пад варты і ён знаходзіцца пад дамашнім арыштам у сябе дома ў Горках. Нават знаходзіліся людзі, якія сцвяржалі, што яны асабіста размаўлялі з былым старшынёй Бялыніцкага райвыканкаму. Нашаму карэспандэнту атрымалася пагутарыць з адным з кіраўнікоў следчай групы, якая займаецца справай Аляксандра Ільянава. Па яго словах, у апошні час у гэтай гучнай крымінальнай справе выявілася некалькі новых накірункаў, таму тэрмін правядзення следчых мерапрыемстваў у чарговы раз быў працягнуты. Нагадаю, што раней чакалась, што судовы працэс па справе былога старшыні Бялыніцкага райвыканкама, які быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ яшчэ 5 лістапада мінулага году, пачнецца напрыканцы чэрвеня. Аднак у сувязі з новай інфармацыяй, атрыманай супрацоўнікамі праваахоўных органаў у апошні час, следства ў чарговы раз было падоўжана. У сувязі з гэтым, па словах аднаго з супрацоўнікаў следчай групы, судовы працэс па справе Ільянава пачнецца не раней чым праз паўтары - два месяцы.