Паслявыбарчая сітуацыя працягвае абвастрацца
2020-08-22 15:53
Паслявыбарчая сітуацыя не супакоілася, а працягвае абвастрацца, – у размове з карэспандэнтам Радыё Рацыя Генадзем Барбарычам становішча ў краіне ацаніў кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі.
– У нас гэтыя выбары, як арэлі, то ўверх, то ўніз. Вельмі часта мы бачылі масавыя выступы ці ўдалыя крокі з боку штабоў кандыдатаў у прэзідэнты. Але ў той жа час фактычна адразу пачаліся падчас выбарчай кампаніі арышты, і некалькі дзясяткаў чалавек трапіла ў турму за ўсю выбарчую кампанію.
Тое, што зараз адбываецца, гэта працяг вось гэтай жорсткай палітыкі на задушэнне грамадзянскай актыўнасці, не жаданне весці перамовы і бачыць, што людзі хочуць гэтых зменаў. Улады трымаюцца, сам Лукашэнка пасылае гэты сігнал на вось такую жорсткую палітыку, якая не прадугледжвае перамоўных працэсаў. Усё, што яны кажуць, што мы там зменім Канстытуцыю, мы гатовыя да перамоваў. Што мы чуем там і ад Лукашэнкі, і ад Макея – гэта падман, усё гэта хлусня, таму што яны не гатовыя да рэальных крокаў і любым чынам спрабуюць зараз зноў запалохаць людзей, зноў загнаць грамадскую актыўнасць у падполле і зноў кіраваць, кіруючыся метадам сілы – дубінкамі, гвалтам і смерцямі.
Таму тое, што адбылося за першыя дні пасля выбараў, я думаю, што гэта беларускае грамадства ім не даруе. Яны таксама выдатна гэта разумеюць, што гэта крымінальная адказнасць і для камандзіраў, якія аддавалі гэтыя загады, і для непасрэдных выканаўцаў.
РР: Пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу, але не супраць злачынцаў у пагонах, а супраць Каардынацыйнай рады.
– За заклікі, якія там заклікаюць да парушэння бяспекі Рэспублікі Беларусь. Але гэта поўны абсурд. Гэта паказвае, што Генеральная пракуратура абсалютна не самастойная, што яна працуе зараз зноў жа на задушэнне грамадзянскай актыўнасці і на падвышэнне ўзроўню страху ў беларускім грамадстве.
РР: Вы ж таксама ўваходзіце ў Каардынацыйную раду?
– Так, я ўваходжу таксама.
РР: А чаму Лукашэнка зноў пайшоў у атаку? Пасля перамоваў з Пуціным, Масква нешта паабяцала?
– Я думаю, што ў прынцыпе ён чалавек не перамоваздольны, ён не можа, я ўжо казаў пра гэта ні адзін раз, ён не ў стане перамаўляцца, ён не можа перамаўляцца. Гэта чалавек, які не бачыць вакол сябе суб’ектаў вартых перамоваў. Таму вось і была гэтая атака на Каардынацыйную раду з мэтай запалохаць сяброў Каардынацыйнай рады, неяк іх дэмаралізаваць і захаваць такім чынам свае пазіцыі, якія ён абвяшчае. Гэта пазіцыі жорсткага, уладнага і фактычна кіраўніка, які гатовы ісці нават на злачынства, каб утрымаць сваю ўладу.
Беларускае Радыё Рацыя