Павел Шаўцоў: Беларусі варта адкрываць больш культурніцкіх прадстаўніцтваў
2023-02-07 11:44
40000 тамоў беларушчыны, сярод якіх старадрукі Францыска Скарыны, Статут ВКЛ, архівы БНР, рукапіс „Курган” Янкі Купалы. Скарынаўская бібліятэка – грамадска-культурны асяродак у Лондане, які вядзе сваю афіцыйную гісторыю з 1971 года, мае статус „уласнасці ўсіх беларусаў” і на фоне палітычных крызісаў і вайны ва Украіне яшчэ раз даказвае важнасць захавання каштоўных для беларусаў рэчаў па-за межамі Рэспублікі Беларусь.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла са старэйшым апекуном Беларускай бібліятэкі і музею імя Францішка Скарыны ў Лондане Паўлам Шаўцовым пра тое, ці павялічылася колькасць беларускіх чытачоў пасля 2020 года, якія кнігі збірае Скарынаўская бібліятэка, якія маркеры беларускасці карысныя ў Брытаніі і ці збіраецца Скарынаўская бібліятэка калі-небудзь канчаткова пераехаць у Беларусь:
– Я адзін са старэйшых апекуноў бібліятэкі, быў прызначаны ў 1999 годзе. Бібліятэка шмат чым займаецца, мы зрабілі справаздачу для нашай суполкі, для брытанскага ўраду. У мінулым годзе была зроблена вялікая праца, шмат імпрэзаў, пашырылі нашу калекцыю цікавымі кнігамі, быў абноўлены будынак. Ідзе каталагізацыя і разбор архіваў. Бібліятэка стала такім цэнтрам, дзе людзі збіраюцца на розныя імпрэзы – фальклорныя беларускія святы, клубы па інтарэсах, выставы. У сучасным выглядзе бібліятэка была створана ў 1971 годзе, 50 гадоў мы адсвяткавалі ў 2021 годзе. Бібліятэка была створана на аснове прыватных калекцый святароў беларускай каталіцкай місіі. Гэта бібліятэка стварае ў паўночным Лондане такую невялічкую беларускую вёску, бо тут яшчэ ёсць беларуская царква і невялічкі беларускі цэнтр. У 1946 годзе прыехаў з Рыму біскуп Сіповіч, ён вучыўся ў Рыме на каталіцкага святара ў 1940-х гадах. Ён стварыў беларускую царкоўную грэка-каталіцкую суполку. Яны ўжо там не змяшчаліся і таму было вырашана купіць асобны дом. Было вырашана рабіць бібліятэку асобна. Ва ўсёй беларускай суполкі былі сабраныя грошы і куплены дом.
РР: У вас шмат старадрукаў. У якіх умовах яны захоўваюцца? Ці ёсць у вас спецсховішча?
– Так, у нас ёсць спецсховішча, мы паляпшаем умовы. Мы стварылі клімат-кантроль з кандыцыянерамі паветра, каб трымалася стабільная тэмпература для нашых кніг і архіваў, каб не было перападаў тэмпературы. Цяпер клімат-кантроль ёсць у нас у васьмі пакоях.
РР: Як абнаўляецца калекцыя ці былі новыя паступленні па паўстанні 1863 года?
– Новыя паступленні ўвесь час, але на жаль па паўстанню Каліноўскага не было. У мінулым годзе мы набылі кнігу па артылерыі Казіміра Семяновіча. Гэта старадрук, як рабіць сярэднявечныя гарматы. Казімір Семяновіч быў адным з буйных спецыялістаў па артылерыі ў той час. Гэтая кніга „выплыла” у букіністыцы ў Парыжы. Мы дамовіліся з беларусамі Францыі, каб яны набылі нам гэтую кнігу і пасля перадалі. Там тысячы еўра, мы знайшлі ахвярадаўцаў. Гэта быў вялікі набытак. Акрамя гэтага мы набылі ў мінулым годзе некалькі кніг Сыракомлі. Таксама Рыпінскага, гэта паўстанец 1830 года. Ён спачатку паехаў у Парыж, а пасля ў Лондан. У Лондане заснаваў сваю тыпаграфію ў Тотэнхэме. Гэта адна з выбітных асобаў, якая жыла ў нашых краях у 19 стагоддзі. Мы купілі пераклады яго паэзіі на ангельскую мову – гэта сярэдзіна 19-га стагоддзя. Там менавіта паэмы пра нашыя землі і вайну з Расеяй. Цікава, што там напісана пра Беларусь таксама па-ангельску. У сярэдзіне 19-га стагоддзя на ангельскай мове пісалі „Вайсрутэнія”, пра Язафата Кунцэвіча.
РР: Па якіх крытэрыях вы збіраеце кнігі? Яна не павінна быць сучаснай?
– Не, сучасныя мы таксама збіраем. Вядома, месца ў нас абмежаванае, таму збіраем не ўсё, што выдаецца ў Беларусі. У нас шмат сучасных выданняў. Акрамя старадрукаў таксама эміграцыйныя выданні. У нас шмат кніг, якіх няма ў Беларусі, менавіта тых, якія выдаваліся па-за межамі Беларусі. Мы гаворым пра эміграцыю пасля Другой сусветнай вайны, а таксама пра тое, што выдавалася ў Вільні перад Другой сусветнай, паміж войнамі і вось астатнія. Таксама бяром тое, што выдаецца і немагчыма набыць па палітычных прычынах. Наша пазіцыя такая, што калі хтосьці забаронены ў Беларусі, то гэта будзе ў нас.
З „Госцем Рацыі” – старэйшым апекуном Беларускай бібліятэкі і музею імя Францішка Скарыны ў Лондане Паўлам Шаўцовым размаўляла Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя