Павел Станкевіч: Мусім займацца таксама палітыкай, каб яна не занялася намі
2022-05-06 15:12
Госць Радыё Рацыя – старшыня фонду «Tutaka» Павел Станкевіч. З госцем пра палітычныя праблемы беларусаў у Польшчы і пра сёлетнія культурніцкія мерапрыемствы Падляшша, якія рыхтуе фонд «Tutaka», пагутарыла журналістка Радыё Рацыя Яна Запольская.
РР: Усе мы ведаем, што фонд «Tutaka» актыўна супрацоўнічае з Офісам Святланы Ціханоўскай. На чым базуецца гэтая супраца?
Павел Станкевіч: Тут супраца праходзіць больш на культурных фоне, але таксама і на грамадскім. Я не хачу ўваходзіць у самую палітыку, але разумею, што ў цяперашніх падзеях і ў гэты час цяжка адысці ад палітыкі. Як кажуць, калі ты не хочаш займацца палітыкай, то палітыка тады будзе займацца табой. Мы супрацоўнічаем па розных тэмах. Напрыклад, цяпер самая галоўная – тое, што калі пачалася вайна ва Украіне, адразу адчулі велізарную хвалю «хэйту» на беларусаў. І хутка трэба было вырашаць, што з гэтым рабіць. І зараз пры супрацы з Офісам Святланы Ціханоўскай, і з Беларускай Радай Культуры, і з НАУ, і з ЦБСам мы стварылі такую піярную кампанію Belarus for Ukraine, дзе мы хочам паказваць, як шмат рэчаў беларусы робяць для ўкраінскіх уцекачоў. Але не толькі для уцекачоў, таксама паказваем, што беларусы ваююць за свабодную, вольную Украіну. Тут для мяне была цікавая справа. Як толькі вайна пачалася, амаль усе беларускія арганізацыі, якія знаходзяцца ў Польшчы, хутка аб’ядналіся, вырашылі розныя задачы паміж сабой і пачалі працаваць. Гэта ўвогуле ўразіла. Тут, можна сказаць, што беларусы падрыхтаваныя. Мы прыблізна пра сябе ведаем, хто што зможа рабіць, і можа таму была лёгкасць, каб падзяліць гэтыя ўсе задачы.
РР: Я хачу вярнуцца да таго «хейту», як ты сказаў. Такое адчуванне, што гэтая хваля сапраўды спадае. І магчыма, акурат дзякуючы дзеянням беларусаў за мяжой. Бо яны найперш адчулі негатыў з боку ўкраінцаў. Мы ўсе разумеем, чаму так адбылося. Але тая хваля відавочна спадае. Ці падтрымліваеш такое адчуванне?
Павел Станкевіч: Так, напэўна, спадае. Тут з аднаго боку гэта сур’ёзная, сапраўдная праца ўсіх беларусаў замежжа, але таксама вынік падпольнай працы ў Беларусі. І тут варта адзначыць, што дзякуючы гэтай усёй сітуацыі, дагэтуль войскі Рэспублікі Беларусь не ўдзельнічаюць у вайне.
РР: Адносна культурных праектаў. Найперш спытаю пра фестываль «Tutaka». Першы фестываль мы мелі мінулым летам. На маю думку, ён прайшоў вельмі выдатна. Ёсць ужо даты, тэрміны новага фестывалю?
Павел Станкевіч: Так. Хочам правесці другі фестываль 15-16 ліпеня. Гэта будзе, як раней, урочышча Борык, каля Гарадка. Зноў гэта будуць два дні. Зноў будзе шмат класнай беларускай музыкі. Але таксама хачу, каб былі іншыя рэчы. Як летась нам удалося там правесці розныя майстар-класы, яны былі накіраваныя найбольш на дзяцей і моладзь. Хочам, каб гэты фестываль сапраўды адбываўся з пачуццём сямейнага свята. Каб гэта было не толькі аб’яднанне беларусаў, але каб кожная сям’я, якая не ведае, што рабіць са сваімі дзецьмі, маглі камфортна адчуваць сябе на фестывалі. Я лічу гэта вельмі важна.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя