Павел Станкевіч: Мы выжылі і далей рушым наперад
2024-12-28 16:13
Напрыканцы 2024 года грамадскія дзеячы Падляшша падводзяць вынікі года. Госцем Беларускага Радыё Рацыя з’яўляецца заснавальнік фестывалю абуджаных «Тутака», старшыня фонду «Тутака» Павел Станкевіч.
РР: Што на вашу думку цікавага адбылося за гэты год?
Павел Станкевіч: У Фонда 2024 год даволі цікавы. З года на год не наракаем на тое, што нам не хапае розных мерапрыемстваў. Мне падаецца, самае важнае, што нам удалося дасягнуць у гэтым годзе, – гэта выжыць, а таксама правесці фестываль «Тутака», гэта самая значная нашая падзея, з аднаго боку, з другога боку, у гэтым годзе мы апынуліся ў такіх праблемах з фінансаваннем, што дагэтуль яшчэ не разумеем, як мы выйдзем з гэтага году, але думаю, усё атрымаецца.
Я разумею 24-ы як такі год устойлівасці нашых праектаў, большасць з іх цягнуцца з 2021 года ці з 2022-га. Ёсць назіранне, што з большага мы пачынаем разумець, што мы можам і цяпер пачнем развівацца, як трэба. А з другога, таксама наша аўдыторыя…
РР: Дарэчы, хто вашая аўдыторыя? Гэта моладзь? Ці людзі сталага ўзросту? Гэта беларусы? Гэта жыхары Падляшша? Хто гэта?
Павел Станкевіч: Па рознаму. Даволі шырока ідэнтыфікуем сваю аўдыторыю. І таму ў нас такія праекты, як мне падаецца, даволі розныя. Таму што нам цікава, безумоўна, дабіцца да аўдыторыі, нягледзячы на яе ўзрост. Ёсць у нас такія рэчы, якія больш даспадобы старэйшаму пакаленню. Як, напрыклад, лекцыі «Хто ты гэткі?», дзе мы распавядаем пра беларускую гісторыю, пра культуру Падляшша. Але мне здаецца, што даволі паспяхова ўдаецца дабівацца нават да падлеткаў праз нашыя праекты ў ТікТоку. Вядома, можна там выпраўляць і памылкі, і іншыя розныя рэчы. Але калі казаць, што нашая аўдыторыя жыхары Падляшша, беларусы, палякі, тут таксама мы намагаемся, каб частку рэчаў рабіць па-польску, большасць, безумоўна, па-беларуску, але ў любым выпадку сочым за тым, каб незалежна ад таго, якой мовай мы карыстаемся ў данным праекце, напрыклад, калі гэты праект трапляе ў інтэрнэт, то заўсёды каб былі б цітры, каб перакладалі на два бакі. А апошнім часам пачынаем таксама ўводзіць ангельскую мову, і гэта таксама тычыцца нашых сацсетак.
РР: З чым сустракаем 25-ы? Ён ужо зусім хутка надыдзе.
Павел Станкевіч: З большага мы ведаем, што будзем рабіць у ім. Тут, безумоўна, будуць нашыя тры галоўныя фестывалі – і «Сонцаграй», і «Бардаўская восень» (у 25-ым будзем адзначаць 30-годдзе фестывалю), і «Тутака». Паспрабуем фестываль «Тутака» зрабіць больш маштабным. І дарэчы, будзе 5-годдзе «Тутакі». Будзем адзначаць і 5-годдзе Фонда. Таму ад гэтых юбілеяў хутчэй за ўсё разбаліцца галава, але не будзем здавацца. Таксама будзем пашыраць, тое, што робім у інтэрнэце.
Цалкам размова - у далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя