Паводле Заміроўскай здымуць навукова-фантастычную сатыру
2024-08-14 15:22
Беларуская рэжысёрка Дар’я Жук, якая вядомая дэбютным фільмам “Крышталь”, здыме змрочную навукова-фантастычную сатыру на тэму сучаснага аўтарытарызму паводле апавядання пісьменніцы Таццяны Заміроўскай, піша “Будзьма” са спасылкай на Variety.
“Скончылі з любімай Дар’яй Жук другі драфт сцэнара паўнаметражнага фільму паволе майго білінгвальнага апавядання “Менавіта тое, чым здаецца” (так, таго самага, пра квантавую тэлепартацыю, хто яшчэ не чытаў?), і, здаецца, зацікавілі ўсёй гэтай псіхадрамай нашу любімую прадусарку Волю Чайкоўскую — а яе зацікавіць не так і проста, дарэчы! Фільм будзе таксама білінгв, калі што якое. І я цяпер у вас не проста невядома хто з нейкай там пісхадэлічнай фантастыкай, а оскараносны сцэнарыст-пачатковец, глядзіце з кім я працую!” — адгукнулася на навіну ў сваім фэйсбуку пісьменні Таццяна Заміроўская.
Фільм, які будзе мець англамоўную назву “Exactly What It Seems”, спрадусаваны кампаніяй Allfilm Воляй Чайкоўскай, Іва Фельтам (Ivo Felt, Эстонія) і Віялетай Крэчатавай, заснаваны на апавяданні Таццяны Заміроўскай, якая выступе суаўтарам сцэнару. Стужка будзе знятая на беларускай, ангельскай і расейскай мовах.
Воля Чайкоўская, Дар’я Жук, Іва Фельт (photo by Virge Viertek, Diana Biruk, Erlend Staub)
У фільме сямейная пара — Надзя і Фёдар — шукае палітычнага прытулку ў ЗША. Яны нечакана аказваюцца тэлепартаванымі назад у Беларусь з дапамогай таямнічай квантавай тэхналогіі, створанай навукоўцамі пры дыктатарскім рэжыме. Пераследаваныя як злачынцы ў лясах сваёй радзімы, яны павінны выправіць свае дысфункцыянальныя стасункі, каб вярнуцца ў бяспеку.
“Гэта не фільм з вялікай колькасцю эфектаў, а прыземленая версія нашай рэальнасці з адным дапушчэннем: што гэтая тэхналогія існуе, і ўсе, хто настальгуе па Беларусі, могуць быць неадкладна тэлепартаваны назад. Але, здаецца, гэта працуе толькі ў адзін бок, паколькі на серверы захоўваюцца толькі беларускія ўспаміны“, — расказвае рэжысёрка Дар’я Жук.
“Сатыра і навуковая фантастыка цудоўна падыходзяць для стварэння патрэбнай дыстанцыі ад суровай рэальнасці цяперашняга дыктатарскага рэжыму і для вывучэння нядаўняй эмацыйнай траўмы няўдалай рэвалюцыі ў Беларусі ў 2020 годзе. Мы таксама хочам зрабіць гэтую гісторыю даступнай больш шырокай аўдыторыі, якая, магчыма, нічога не ведае пра бягучыя падзеі“.
Загалоўнае фота Furkan Uzunsac