Пісьменніца і драматург Дыяна Балыка спрабуе сябе ў новай ролі акторкі. «Мой жыццёвы прынцып - кажы жыццю так»
2024-10-27 16:27
Казка-прытча «Ордэн Белай Мышы» - гэта тэатральны эксперымент і даследаванне гісторыі беларусаў праз спалучэнне тэксту класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Арлова і актуальных тэкстаў сучаснай драматургіі.
Пісьменніца і драматург
Дыяна Балыка спрабуе сябе ў новай ролі акторкі. Яна грае ў спектаклі «Ордэн Белай Мышы» па аднайменнай прытчы
Уладзіміра Арлова. Яна расказвае пра працу над спектаклем, творчым калектывам і свой рэцэпт на жыццё. «Мой жыццёвы прынцып: кажы жыццю так», - гаворыць Дыяна Балыка.
Казка-прытча «Ордэн Белай Мышы» - гэта тэатральны эксперымент і даследаванне гісторыі беларусаў праз спалучэнне тэксту класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Арлова і актуальных тэкстаў сучаснай драматургіі. Сюжэт спектакля - прадказанне. Ён балансуе паміж фантастыкай і рэальнасцю, вядзе гледача ў незабыўнае падарожжа ў свет пазнавання беларускіх рэалій з іх эмоцыямі і перажываннямі. Гэта размова аб часе і аб сабе, расказвае Дыяна Балыка:
- З прытчы Уладзіміра Арлова мы робім спектакль і дадаём свае імправізацыі, свае маналогі аб тым, што адбывалася з намі ў Беларусі ў 2020 годзе. Чаму мы зрабілі такі выбар? Чаму мы апынуліся ў эміграцыі? Які мы плацім кошт? Мы хочам не раіць гледачам, што рабіць, як выжываць, а хочам з імі параіцца: як нам жыць разам. Мы разлічваем на тое, што гэта будзе спектакль-дыскусія, асабліва напрыканцы. Я не люблю тэатр, дзе даюць адказы. Я люблю тэатр, дзе ставяць пытанні.
Галоўная тэма спектаклю – адносіны ўлады і мастака. Для мастакоў, якія працуюць на спектаклем гэта асабліва актуальнае пытанне:
- Яно было ўсё жыццё, але асабліва адчувалася ў 2020 годзе. Ісці на супрацу з уладай і стаць прапагандыстамі ідэй ці захаваць свой голас, застацца мастаком, але нешта згубіць. Мы згубілі Радзіму, свае дамы, магчымасць сустракацца з роднымі. Але мы шмат чаго і набылі.
У спектаклі граюць Дыяна Балыка, Ігар Сігоў, Андрэй Бардухаеў-Арол, Светлана Зелянкоўская. Рэжысёр – Уладзімір Ушакоў. Музычная частка ўзнікае ў супрацы з Раманам Арловым.
Спектакль узнікае на вельмі сціплыя сродкі, але гэта не абазначае, што ён будзе горшым. Сакрэт не ў месцы і дэкарацыях, а ў таленавітых людзях, кажа Дыяна Балыка. Для яе гэта дэбют:
- Гэта прыемна. А ў жыцці шмат чаго бывае першы раз. У мяне цяпер час, калі шмат першых разоў: першая рэвалюцыя, першая вайна, першы дэбют на сцэне. Я не планавала быць актрысай. Але ў мяне ёсць жыццёвы прынцып: кажы жыццю “так”. Я навучылася гэта рабіць у любых абставінах. Калі рэжысёр запрапанаваў мне зайграць, то мяне не трэба было ўгаворваць. Гэта новы, вельмі цікавы выклік. Мне здаецца, што я выжываю дзякуючы выклікам.
«Ордэн Белай Мышы» ставіцца ў Klub Scena Chmielna. Спектаклі пройдуць 1,2,3 лістапада. Продаж квіткоў тут.
У далучаным гукавым файле слухайце поўную размову з Дыянай Балыкай.
ав