- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Глыбіня Коласава «пры-земленага» мыслення аднаўляе сябе таксама ва ўсведамленні адпаведнасці «бытавога» («матэрыяльнага») і фундаментальнага значэнняў паняцця «зямля». Mенавіта такім чынам у творчасці мастака слова знаходзіць месца тэзіс пра адпаведнасць «зямнога» і «нябёснага» пачаткаў (з «Казак жыцця»: «У дрэва павінна быць дзве дарогі — адна ў зямлю, другая ўгару да сонца»). Сталы Колас звернецца да гэтай думкі ў размовах са сваім «Экерманам», М. Лужаніным: «Я думаў, ён (хлопчык. — Т. С.) скажа: хачу быць інжынерам. Аж не: глебазнаўцам. Дагадзіў майму сэрцу. Я не раз казаў: чалавек не павінен адрывацца ад зямлі, ад тых, хто жыве на ёй, ад таго, што на ёй расце. Мы пачалі ператвараць зямлю, яны зробяць яе багатай і справядлівай... І ўзляцяць вышэй, чым мы можам уявіць. Але зробяць гэта толькі, калі моцна стануць на зямлі».