- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Гэтая песня прымушала Таісіну душу хвалявацца і думаць пра тое, куды паехаць з гэтага гіблага месца. Але з двума дзецьмі не рынеш у свет абы-куды. Трэба мець хоць нейкую гарантыю, што там дадуць жытло і працу, за якую будуць плаціць. Інакш які сэнс мяняць шыла на мыла? З вёскі год таму паехаў Антось Самота з вялікаю сям'ёю: пяцёра дзяцей сваіх ды жончына сястра з двума дзецьмі. Дайшлі чуткі, што няблага яны ўладкаваліся, атрымалі калгасную хату, дарослыя працуюць, ядуць белыя булкі, на працадні атрымліваюць грошы, зерне і нават кавуны, якіх у Лядах ніхто не бачыў. Таіса знарок пайшла да Антосевага брата, распытала, як туды ехаць і пачала рыхтаваць мужа да перамены месца жыхарства. Але выпадкова Аўдзей сустрэў Прохара з Янавічаў, які хваліўся, што летам ездзіў у Данецкую вобласць і вельмі добра зарабіў у калгасе, назваў адрас. Таіса лёгка пагадзілася з меркаваннем Аўдзея, што трэба ехаць менавіта туды, дзе так пашанцавала Прохару. Калі Малаша пачула пра гэтую нявестчыну ідэю, толькі сказала пагардліва: «Так і будзеце ездзіць, бы цыганы».