- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
А граф неўзабаве развітаўся, і шыкоўная брычка яго, лёгка пагойдваючыся на рысорах, пакіравала да гасцінца. Нейкія пільныя справы клікалі яго да Варшавы. Калі ў пушчы графа ніхто надта не турбаваў, ён там, можна сказаць, бесклапотна бавіў час, дык тут, у Варшаве, пасля смерці бацькі на яго адразу абрынулася процьма клопатаў. А клопаты, якія б яны ні былі, — гэта вам не мухі, ад іх проста так не адмахнешся. Баючыся, што ў іх можна завязнуць, як у той смале, граф неўзабаве зноў уцякаў на крэсы, у пушчу. На гэты раз у Беламошша ён заявіўся не адзін, а прывёз з сабой гарэзніцу-прыгажуню, стройную, з асінай таліяй і надта зваблівым лялькападобным тварам. Пушчанскаму гаспадару сказаў, што гэта яго сястра, а сам не ведаў, як дагадзіць сваёй красуні, папрасіў асаблівай увагі і ў Камарыхі.