Пра жыхароў Полаччыны – ахвяраў сталінскага тэрору
2020-05-30 15:20
Даследчыкі перыяду сталінскіх рэпрэсій і тыя, хто займаецца ўшанаваннем памяці ахвяраў, правялі віртуальную сустрэчу.
Фармат зносінаў праз Skype быў абраны праз небяспеку сустрэчаў “ужывую” падчас эпідэміі каронавірусу. Сустрэча была прысвечана аналізу біяграфій расстраляных у часы сталінізму на Полаччыне.
Даследчык Ігар Станкевіч сістэматызаваў звесткі пра больш як 600 расстраляных у Полацку і ваколіцах горада. Ён падзяліўся сваімі высновамі:
– 90% было мужчын, а далей я паглядзеў, хто гэтыя людзі былі паводле нацыянальнасці. Амаль 68% – гэта беларусы, 24% адсоткі – гэта палякі і невялічкія дыяспары латышоў, габрэяў… Большасць расстраляных – гэта былі сяляне, і зусім трошкі рабочых, служачых, купцоў, мяшчанаў.
Ігар Станкевіч, што расстраляныя паходзілі не толькі з Полацку, але і з бліжэйшых раёнаў. Прычым найбольшая колькасць – з памежных Дрысенскага і Ветрынскага раёнаў, якія сёння ўжо не існуюць, тлумачыць полацкі краязнаўца Міхась Баўтовіч:
– Дрысенскі быў памежны з Латвіяй, Ветрынскі – з Польшчай. Усіх падазроных хапалі. Першымі – палякаў, другімі – каталікоў, трэцімі – хто нарадзіўся ў заходняй частцы Беларусі. То бок, не за нейкія правіны, а за тое, што маглі мець нейкія сувязі з той тэрыторыяй за мяжой.
Жыхары Полацку ведаюць і месца, дзе расстрэльвалі бязвінных людзей. Гэта Бельчыцы, калісьці вёска, а цяпер гарадская ўскраіна. Пра колішнюю трагедыю нагадвае жалезны крыж на ўскрайку могілак, каля якога на Дзяды збіраюцца мясцовыя актывісты.
Улады да ўшанавання памяці бязвінна забітых не далучаюцца. Таму цяпер, калі злачынствы камуністычнага рэжыму замоўчваюцца, даследаванні па тэме сталінскага тэрору набываюць надзвычайную актуальнасць, лічаць арганізатары сустрэчы – удзельнікі грамадзянскай кампаніі “Забітыя, але не забытыя”.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск