Праваслаўныя адзначаюць Успенне Прасвятой Багародзіцы
2022-08-28 16:53
Праваслаўныя вернікі адзначаюць адно з галоўных царкоўных святаў – Успенне Прасвятой Багародзіцы. Ушаноўваецца падзея завяршэння зямнога шляху Божай Маці і пераход яе ў целе на нябёсы. Лічыцца, што за ўсіх вернікаў перадусім заступніцтва мае Дзева Марыя.
“Нягледзячы на тое, што фактычна ўзгадваецца смерць Багародзіцы, але не маем жалобы і смутку”, – распавёў святар Георгій Міцкевіч:
– Што такое Успенне? Успенне – гэта для нас смерць. І для кожнага чалавека слова, звязанае са смерцю, з’яўляецца смуткам, гаротнасцю. Але Успенне Прасвятой Багародзіцы кажа нам пра адваротнае. Пра тое, што Прасвятая Багародзіца ўз’ядналася са сваім сынам, паказала нам яшчэ раз сваё заступніцтва. Яна ва Успенні не пакідае нас і дагэтуль. І для кожнага веруючага чалавека Успенне, то-бок смерць, з’яўляецца яднанне з самім Госпадам.
Па народнай традыцыі свята называюць Успенне ці Прачыстая. У старажытнасці з гэтым днём звязвалі падвядзенне вынікаў працы селяніна, пра што сведчаць шматлікія прымаўкі, як то: “Свята Прачыста — у полі ўрачыста”.
Беларускае Радыё Рацыя