«Правы чалавека — гэта зручна». Гутарка з Кацярынай Дзяйкала — у новым выпуску падкаста «Вясна прыйдзе»
2024-08-04 17:00
У гасцях новага выпуску падкаста "Вясна прыйдзе" — юрыстка-міжнародніца, кандыдатка юрыдычных навук і праваабаронца Кацярына Дзяйкала, якая раней выкладала і была загадчыцай кафедры міжнароднага права ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на факультэце міжнародных адносін — зазнала рэпрэсіі ды была звольненая адтуль у 202-м годзе.
У падкасце з Кацярынай пагаварылі пра правы чалавека: навошта яны патрэбныя і ў чым іх каштоўнасць? Ці не губляецца гэтая каштоўнасць у сучасным свеце? Ці было правам чалавека месца ў БДУ? Навошта сёння міжнародная адвакацыя? І галоўнае — чаму свету не выжыць без правоў чалавека?
"Цяпер яшчэ больш важна, каб каштоўнасць правоў чалавека не страціла сваю ўстойлівасць, — распавяла Кацярына Дзяйкала. — Правы чалавека — гэта наогул рэч для цёмных часоў. Яна патрэбная больш у цёмныя часы, чым у светлыя. Гэта як паветра. Ведаеце, калі ў цябе ўсё добра, ты дыхаеш чыстым паветрам — ты ўспрымаеш гэта як належнае... А калі табе няма чым дыхаць з нейкай прычыны, ты думаеш пра гэта штодня: дзе чыстае паветра? І ў гэтым плане, безумоўна, правы чалавека патрэбныя ўсюды і заўсёды, але ў цёмны час іх каштоўнасць, важнасць і ўстойлівасць яшчэ больш узмацняецца..."