Прайшла сустрэча ў польскага прэм’ера па сітуацыі ў Беларусі
2020-08-26 23:34
Завяршылася сустрэча прэм’ер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага з прадстаўнікамі парламентарных клубаў па справе сітуацыі ў Беларусі.
На сустрэчу прыйшлі прадстаўнікі ўсіх палітычных напрамкаў. У прыватнасці, парламентарны клуб «ПіС» прадстаўлялі: віцэ-маршалак Сейма Рышард Тэрлецкі і віцэ-маршалак Сенату Марэк Пэнк. З клубу «Грамадзянскай кааліцыі» былі: былы віцэ-міністр МЗС Павел Коваль, еўрадэпутат Анджэй Галіцкі і некалькі дэпутатаў Сейму. Ад левых сіл быў еўрадэпутат Роберт Бедрань, які з’яўляецца старшынём дэлегацыі Еўрапарламента па кантактах з Беларуссю ды іншыя палітыкі.
Па выніках сустрэчы Маравецкі заявіў, што па пытанні Беларусі на польскай палітычнай сцэне дасягнуты кансэнсус. У першую чаргу Польшча канцэнтруецца на дапамозе рэпрэсаваным ды іх сем’ям, спрашчэнні візавага рэжыму, асабліва для студэнтаў. Цягам бліжэйшых дзён Польшча прадставіць падрабязны план дапамогі Беларусі. Польшча разважае пра магчымасць стварэння платформы дыстанцыйнага навучання для беларускіх студэнтаў, якіх адлічылі з беларускіх універсітэтаў праз іх грамадзянскую пазіцыю.
Прэм’ер-міністр Польшчы чарговы раз заклікаў ўлады Беларусі вызваліць палітвязняў, у прыватнасці Матэвуш Маравецкі ўзгадаў затрыманых чальцоў Каардынацыйнай Рады.
Падчас перамоваў кіраўніка ўрада і польскай апазіцыі закраналася таксама тэма польскай меншасці ў Беларусі. Прэм’ер Маравецкі заявіў, што абмеркаваў становішча палякаў у Беларусі са Святланай Ціханоўскай.
Паводле Рышарда Тэрлецкага, галоўным для Польшчы застаецца суверэнітэт Беларусі, і тое, каб не было ахвяр і няшчасцяў, калі дойдзе да сур’ёзнай канфрантацыі паміж уладамі і грамадствам. Па выніках сустрэчы, дэпутат Роберт Тышкевіч зазначыў, што Польшча павінна вярнуць сабе ролю лідара ў справах Беларусі на еўрапейскай прасторы.
Беларускае Радыё Рацыя