Пісьменніца, культуролаг і былая палітзняволеная Юлія Чарняўская прэзентавала 17 лістапада ў Варшаве ў межах фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA зборнік вершаў “Мир о тебе”, створаны пад хатнім арыштам у Менску ў 2021 – 2022 гадах. Паэтычны зборнік прысвечаны памяці Юрыя Зісера, мужа аўтаркі, якога не стала ў 2020 годзе.
Юлія Чарняўская была затрыманая ў траўні 2021 года па так званай справе «TUT.BY» і правяла пад хатнім арыштам 240 дзён,
расказвае “Белсат”. Кніга “Мир о тебе”, у якую ўвайшлі і раннія вершы пісьменніцы, пісалася і рэдагавалася пад пільным наглядам.
“Тады ў мяне з’явіўся занятак, які дазваляў адарвацца ад сваіх разважанняў, перажыванняў і ад канваіраў, якія бясконца, 24 на 7, былі недзе побач. І гэта быў такі занятак свабодай”, – тлумачыла на прэзентацыі Юлія Чарняўская.
Ініцыяваў выпуск кнігі паэт і выдавец Дзмітры Строцаў.
“Праз адваката прыйшоў Дзімін ліст. Гэта была Дзімы ініцыятыва. А я вельмі дзякую маім сябрам з самых розных краінаў свету, якія і да гэтага дасылалі мне вершы. Гэтыя вершы мяне вельмі грэлі. Я так разумею, гэта Дзіма ўсіх арганізаваў”, – расказала аўтарка.
“Апрача таго, у мяне ж экспрапрыявалі кампутар. Але, аказалася, не забралі мае сшыткі. І я неяк так па-дурацку ўручную запісвала вершы ў сшытак. У мяне гэтыя пяць сшыткаў і зараз ляжаць. Вось над гэтымі вершамі я ўласна і засела тады працаваць, – дзеліцца успамінамі Юлія Чарняўская і дадае. – Было цяжка, бо нічога выносіць з кватэры было нельга. Я не скажу, якімі шляхамі ўсё перадавалася на волю. Калі б мяне злавілі з гэтым, маглі б прышыць парушэнне рэжыму і я б трапіла ў турму – ужо з канцамі, у прынцыпе”.
У кнізе “Мир о тебе” – больш за паўсотню вершаў, напісаных Юліяй Чарняўскай у розныя гады. Ёсць і зусім раннія (канец 1970-х), і пазнейшыя, створаныя ў няволі, пад якімі, з прычын бяспекі, не пазначаная дата. Аўтарка са сціпласцю называе свае вершы камернымі і жаночымі.
фота “Белсат”