Прыём заявак на прэмію імя Міхала Анемпадыстава
2026-03-17 12:00
Адкрыты прыём заявак на прэмію імя Міхала Анемпадыстава за найлепшы дызайн кніжнай вокладкі!
Што важна?
Прэмія ацэньвае не толькі візуальную прыгажосць вокладкі, але і тое, наколькі яна адлюстроўвае сутнасць самога выдання.
Хто можа ўдзельнічаць?Дызайнеры, якія аформілі вокладкі да беларускіх папяровых кніг, што выйшлі ў 2025 годзе. Беларускай кнігай лічыцца кніга, якая адпавядае
як мінімум двум з пералічаных ніжэй крытэрыяў:
- выдадзена ў беларускім выдавецтве;
- напісана беларускім аўтарам;
- напісана па-беларуску;
- змест звязаны з Беларуссю або яе культурай.
Як падаць заяўку?Проста запоўніце
гугл-форму да 29 сакавіка 2026 года (да 23:59 беларускага часу). Заявіць кнігу на прэмію могуць дызайнеры, пісьменнікі, сябры журы, арганізатары прэміі, выдавецтвы!
Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, калі ласка, выкарыстайце опцыю зашыфраванага ўдзелу (ні вашае імя, ні твор не будуць згадвацца публічна).
Аўтары найлепшай вокладкі будуць уганараваныя ўзнагародай прэміі Анемпадыстава – статуэткай анёла.
Хто арганізуе?
Прэмію ладзяць
Беларускі ПЭН і фонд
Open Culture.
Чаму гэта важна?
Прэмія названа ў гонар Міхала Анемпадыстава – мастака, дызайнера, паэта і культурнага дзеяча, чые працы значна паўплывалі на развіццё сучаснай беларускай візуальнай культуры. Заснаваная ў 2019 годзе, яна адзначае найлепшыя прыклады кніжнага дызайну і падтрымлівае традыцыю ўганаравання і прасоўвання беларускіх выданняў. Лаўрэатамі папярэдняга сезона сталі
Ігар Юхневіч і Маша Мароз за вокладку кнігі «Мое баба – діректор морга».
Калі вы ведаеце кнігу з вокладкай, якая сапраўды запамінаецца, прапануйце яе на прэмію – магчыма, менавіта яна стане наступным пераможцам.З пытаннямі звяртайцеся, калі ласка, на
vokladka@penbelarus.org.