- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Паэт, перакладчык, журналіст. Нарадзіўся 23 сакавіка 1925 году ў вёсцы Мора непадалёк Гайнаўкі (Беластоцкага ваяводства) ў сялянскай сям'і. Скончыў Беларускі ліцэй у Бельску-Падляшскім, аддзяленні журналістыкі і беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта. Доўгі час працаваў у варшаўскім выдавецтве «Ксёнжка і ведза». Быў сузаснавальнікам Беларускага Літаратурнага Аб'яднання і па сённяшні дзень з'яўляецца яго сябрам. Сябра Саюзу Польскіх Літаратараў. Беларускія вершы Віктар Швед пачаў пісаць яшчэ ў школе, у 1940 г., тады ж удзельнічаў з імі ў алімпіядзе дзіцячай творчасці. Друкавацца пачаў у 1957 г. на старонках штотыднёвіка «Ніва», затым — у літаратурных альманахах, «Беларускіх календарах». Выдаў зборнікі вершаў «Жыццёвыя сцежкі» (1967), «Дзяцінства прыстань» (1975), «Дружба» (1976), «Мая зялёная Зубровія» (1990), «Вясёлка» (1991) і інш. Адрасаваны яны пераважна юнаму чытачу. Выхаваны на традыцыях беларускай класічнай літаратуры, Віктар Швед працягвае іх на Беласточчыне: паэтызуе паўсядзённы побыт селяніна, повязь дзіцячых адчуванняў з гарманічным светам прыроды. Віктар Швед уносіць істотны ўклад ва ўзаемадзеянне літаратур. Ён перакладае беларускія, рускія і ўкраінскія вершы на польскую мову, а польскія — на беларускую.