- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Птушкі не перастаюць здзіўляць нас. У гэтым годзе ўпершыню на тэрыторыі нашай краіны, на заліўных прыпяцкіх лугах, загнездзілася шыладзюбка, і двое птушанятаў нават атрымалі беларускія кольцы. Баталёны паставілі своеасаблівы рэкорд: каля 120 тысяч гэтых кулікоў сабралася падчас вясновай міграцыі ў красавіцкі дзень на Тураўскім балонні. Арнітолагі знайшлі і аддалі пад ахову новыя гнёзды вялікага арляца на поўдні краіны. Нарэшце, чарговы раз праведзены падлікі вяртлявай чаротаўкі: Палессе па-ранейшаму застаецца домам для значнай часткі глабальнай папуляцыі гэтага рэдкага віду. Але нягледзячы на гэтыя «птушыныя» дасягненні, ніколі яшчэ арнітолагі і прыродаахоўныя актывісты не былі так занепакоены будучыняй Прыпяцкага Палесся, як цяпер. Напэўна, усе вы ведаеце пра праект воднага шляху Е40, які мяркуюць пабудаваць паміж Балтыйскім і Чорным морамі праз Віслу, Буг, Прыпяць і Днепр. Чаму маштабнае будаўніцтва можа прывесці да знікнення відаў — чытайце ў гэтым нумары часопіса.