Рада БНР заклікае адзначыць 100-годдзе Васіля Быкава
2024-01-26 15:50
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заклікае беларусаў сёлета далучыцца да шырокага адзначэння 100-годдзя Васіля Быкава і праводзіць самыя разнастайныя мерапрыемствы, незалежна ад краіны знаходжання.
Кажа намеснік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык:
– Васіль Быкаў меў выключнае значэнне для беларускай нацыі, не толькі для беларускай літаратуры, якую сапраўды ўзняў на сусветны ўзровень, але і для беларускай нацыі, як супольнасці, якая сфармавалася гістарычна. Стварэнне Беларускага Народнага Фронту, які прывёў да незалежнасці Беларусі ў 1991 годзе. Таму ў такі час татальнай, прымусовай, гвалтоўнай русіфікацыі, адначасна са знішчэннем нацыянальнай ідэнтычнасці, нагадаць самім, што такі чалавек у нашай гісторыі быў і паказаць усяму свету ў іншых краінах.
Сёлета
19 чэрвеня акурат спаўняецца 100 гадоў з дня народзінаў
Васіля Быкава. Народны пісьменнік Беларусі стаў вядомы праз ваенныя творы, дзе паказваў маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця. Пры жыціі Васіль Быкаў быў названы “сумленнем нацыі”.
На фота Івонка Сурвілла і Васіль Быкаў, Прага, сакавік 2003 г.
Беларускае Радыё Рацыя