Рада БНР зьвярнулася да Зяленскага: «У нас агульны вораг — імпэрыялістычная Расея»
2022-03-12 22:07
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася з лістом да прэзыдэнта Ўкріаны Уладзіміра Зяленскага.
Івонка Сурвіла ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), якая прадстаўляе сувэрэнныя правы беларускага народу, выяўленыя ў акце ад 25 сакавіка 1918 году і выконвае функцыі нацыянальнага заканадаўчага органа і ўраду на эміграцыі, выказала падтрымку права ўкраінскага народу на свабоду і сувэрэнітэт:
«Апошнімі днямі Рада БНР і я асабіста як Прэзыдэнт БНР зноў выказалі ўкраінскаму народу сваю падтрымку і заклікалі беларускі народ да салідарнасьці ў барацьбе супраць агрэсіўнай палітыкі Расеі.
Беларускі народ супраць вайны. Можа вы ведаеце, што 27 лютага тысячы людзей у Менску і іншых гарадах выйшлі пратэставаць супраць уварваньня Пуціна ва Ўкраіну і падтрымкі нелегітымным рэжымам Лукашэнкі гэтага ўварваньня. Амаль 1000 чалавек былі арыштаваныя і зьняволеныя. Тым ня менш пратэсты працягваюцца.
Мушу вас запэўніць, спадар Прэзыдэнт, што беларускія патрыёты — у Беларусі і за мяжой — будуць разам з украінскім народам. У нас агульны вораг — імпэрыялістычная Расея».
Івонка Сурвіла зьвяртае ўвагу, што апошнімі днямі яна «бачыла шмат у якіх украінскіх СМІ, сацыяльных сетках і нават ад некаторых ўкраінскіх урадоўцаў мэтанакіраваныя нападкі і беспадстаўныя абвінавачаньні ў тым, што ўвесь беларускі народ падтрымлівае расейскую агрэсію супраць Украіны на падставе падтрымкі Расеі рэжымам Лукашэнкі».
«Вынікі гэтых абвінавачаньняў выходзяць за межы віртуальнай мэдыяпрасторы. Яны ператвараюцца ў дзеяньні людзей і могуць прывесьці да трагічных вынікаў як у канкрэтных выпадках, так і ў адносінах паміж нашымі двума народамі.
Хачу падкрэсьліць, што беларускі народ цярпіць падвойную акупацыю. З аднаго боку, рэжым Лукашэнкі, нелегітымны пасьля рэфэрэндуму ў траўні 1995 г.; пасьля ж г.зв. „выбараў“ у 2020 годзе краіна была ператворана ў канцлягер. Зь іншага боку, ёсьць рэжым Пуціна, які задоўга да жніўня 2020 году стаў адзінай падтрымкай Лукашэнкі».
«Беларускі народ заўсёды падтрымліваў украінскі народ у яго змаганьні за свабоду. Сьведчаньнем гэтаму — шматлікія беларусы, якія з 2014 году і дагэтуль ваявалі і загінулі, змагаючыся супраць расейскай агрэсіі.
У гэты цяжкі час я зьвяртаюся да вас з просьбаю заклікаць не раўнаць аўтаматычна беларускі народ зь нелегітымным рэжымам Лукашэнкі. Зрабіце ласку, папрасіце дзяржаўных чыноўнікаў і СМІ спыніць мэтанакіраваныя нападкі на беларускі народ і перастаць асацыяваць беларусаў зь іх нелегітымным дыктатарам. Гэта толькі адмаўляе намаганьні беларускага народу ў нашай барацьбе з рэжымам Лукашэнкі.
Я таксама хацела б папрасіць вас падкрэсьліць пастаянную падтрымку беларускім народам украінскага народу ў барацьбе за дэмакратыю, незалежнасьць і эўрапейскую будучыню. У гэтай сытуацыі не павінна быць ані калектыўнай адказнасьці, ані калектыўнай віны».
Івонка Сурвіла заявіла, што беларусы моляцца за перамогу Ўкраіны і спадзяюцца, што калі яна будзе дасягнутая, то ўкраінцы «будуць падтрымліваць Беларусь у яе барацьбе з нашым нелегітымным дыктатарам і ў нашым змаганьні за незалежнасьць і будучыню як эўрапейскай нацыі».