Распачаліся анлайн-паказы кінафестывалю «Паўночнае ззянне»
2025-11-11 14:23
Пасля афлайн-паказаў у Вільні і Варшаве фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» «ўключыў» анлайн-фармат.
Учора ў варшаўскай «Кінакатэцы» больш за паўтары гадзіны гледачы не адпускалі Магнуса фон Горна, рэжысёра польска-дацка-шведскай карціны «Дзяўчына з іголкай». Размова з аўтарам экспрэсіянісцкага хорара адбылася пасля паказу фільма-намінанта на «Оскар-2025» у межах варшаўскай эдыцыі фестывалю.
Да афлайн-паказаў «Ззяння» дадалася анлайн-версія кінафэсту — некаторыя фільмы даступныя для прагляду толькі ў Беларусі, а некаторыя — як і ў краіне, так і замежжы.
10 лістапада на сайце фестывалю можна было паглядзець: сінефільскі аўтафікшан эстонскіх рэжысёраў-блізнятаў Раўля і Ромэта Эска «Два мяне». У дэбютнай стужцы 25-гадовыя браты, якія ўсё ў жыцці дзялілі напалам, спрабуюць навучыцца быць самастойнымі і не страціць сувязі адзін з адным — фільм распавядае пра пошукі сябе, свабоды творчасці і сутнасці кіно.
Таксама гледачы ў Беларусі мелі магчымасць пазнаёміцца з уладальнікам гран-пры журы дакументальнай секцыі фестывалю «Sundance — 2024», даккарцінай нарвержскай рэжысёркі Сілье Эвэнсмы Якабсэн «Невядомы краявід». Гэта «Капітан Фантастык» на нарвежскі лад, у якім Якабсэн стварае кранальнае даследаванне смутку, сталення і пошуку новых формаў сям’і.
У раскладзе анлайн-сеансаў — заяўка Эстоніі на «Оскар-2026» — кіно Мээль Паліяле пра Талін 2020-х «Самакруткі». Грунтуючыся на ўласным досведзе і гутарках з аднагодкамі, Паліяле стварае шчыры і рэалістычны партрэт пакалення маладых людзей, што шукаюць сваё месца і свабоду ў свеце, які пастаянна змяняецца.
Нечаканы погляд на хваробу Альцгеймера дае праца рэжысёра з Беларусі Станіслава Савасцеева «Незабудка». Карціна маладога кінематаграфіста, які жыве ў Польшчы, дэманструецца ў межах Беларускага конкурсу. Аўтару, які мае і акторскі бэкграўнд, удалося стварыць далікатны і шчыры партрэт Элізы, жанчыны сталага веку з хваробай Альцгеймера, якая жыве на хутары сама.
Кароткаметражная карціна «Баця» ад яшчэ аднога беларускага рэжысёра таксама даступная на старонцы «Ззяння» з заўтрашняга дня. Сімвалічная драма пра няўмольную плынь часу, адносіны паміж бацькам і сынам і іх нязменную традыцыю — прыязджаць вудзіць рыбу, была створана менавіта ў абшарах Беларусі.
Цалкам расклад анлайн-паказаў можна глядзець
ТУТ.
Нагадаем, што наступная афлайн-серыя сеансаў кінафэсту адбудзецца ў Таліне — 20 лістапада.