Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прапануе анлайн-паказы на вакацыях
2025-07-10 15:24
12 ліпеня закрыецца XXXIII тэатральны сезон РТБД. На сваіх вакацыях тэатр прапануе невялічкую рэтраспектыву спектакляў розных гадоў.
На сайце тэатра можна паглядзець тры спектаклі.
Спектакль «Беларусь. Дыдактыка» апавядае аб сваім месцы ў свеце, аб адносінах з людзьмі, з рэчаіснасцю, роднай прыродай, сваім народам. Праз беларускі фальклор і ўрыўкі з беларускай класічнай літаратуры пра ўсе гэтыя тэмы разважае народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель, а дапамагае ёй у гэтым музыка Дзмітрый Лук’янчык. Спектакль быў запісаны ў 2017 годзе.
Парадаксальная камедыя «Сталіца Эраўнд» — гэта гісторыя пра знаёмства двух людзей у вагоне метро. Магчыма, яны б ніколі не распачалі гутарку, калі б цягнік метро выпадкова не спыніўся паміж станцыямі. Але, як вядома, выпадковасцяў не існуе, і тое, што здараецца з намі, заўсёды для чагосьці патрэбна.
Музычная казка «Воўк-мараплавец» пра былога марскога Ваўка, які на старасці год вырашае парваць са сваім бандыцкім мінулым.
Каб глядзець спектаклі, трэба купіць квіток на абраны відэапаказ.
Новы ХХХIV тэатральны сезон РТБД адкрые 20 жніўня спектаклем «Памінальная малітва».