- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Кажуць, распавядаючы гісторыі, тут цяпер стала модна пачынаць іх з канца. Дзіўны, невядома каму адрасаваны паклон, бескарыснае практыкаваньне ў гнуткасьці. Бо насамрэч гэта даволі цяжка, калі наогул мае нейкі сэнс: не згінаючы суставаў аповеду, узяць і дацягнуцца да ягонага фіналу . Але, зрэшты, чаму б і не? Я заўжды меў схільнасць да бессэнсоўнага. Насіць у кошыку сьвятло – адна з маіх улюбёных брэйгелеўскіх прымавак. Калісьці мне, напрыклад, падабалася фатаграфаваць помнікі са сьпіны. Яны выглядаюць такімі безабароннымі, гэтыя нібыта велічныя каменныя людзі верхам на сваіх маркотных жывёлах – хіба што шматмэтровай зеленаватай статуі Бісмарка ў тым горадзе, дзе я цяпер жыву, напляваць, зь якога боку яе здымаюць: любы фатограф вымушаны стаць перад ёй як па камандзе “зважай”. Я даслаў табе яе здымак; незадоўга перад гэтым ты ў апошні раз праверыла сваю пошту; праз год тваю скрыню разарвала ад спаму; можа, менавіта тады й там, пад аховай невядомага мне паролю, скончылася нарэшце твая гісторыя, а зусім не ў тым калідоры, куды мне зноў даводзіцца цяпер вяртацца, каб пачаць, як тут прынята, з самага канца?