Саша Філіпенка: «Я перакананы, што Лукашэнка не прачытаў ніводнай кнігі»
2022-03-06 14:12
«Калі вы будзеце паказваць беларускі пашпарт, уяжджаючы ў Хэльсынкі ці ў Італію, памежнікі будуць глядзець на вас як на краіну-агрэсара».
На ютуб-канале «Жыцьцё-маліна» выйшла
інтэрвію журналіста Мікіты Мелказёрава зь пісьменьнікам Сашам Філіпенкам. Сабралі некалькі яскравых выказваньняў.
Пра Лукашэнку«Я цьвёрда перакананы, што Лукашэнка не прачытаў ніводнай кнігі ў жыцьці. Проста наагул ніводнай. Нашай краінай кіруе чалавек, далёкі ад любой кнігі, якая магла б на яго паўплываць (...) Цяпер гэта пэрсанаж, які проста страціў розум. Мы відавочна назіраем нейкія клінічныя рэчы, і да яго ўжо ў меншай ступені ёсьць нейкія прэтэнзіі, хутчэй прэтэнзіі ёсьць да людзей, якія даюць яму таблеткі. Бо я бачу зусім звар’яцелага дыктатара, які трымаецца за ўладу з апошніх сілаў, які гатовы аддаць уласную краіну».
Пра тое, як жыць беларусам ў статусе грамадзян краіны-агрэсара«Калі вы будзеце паказваць беларускі пашпарт, уяжджаючы ў Хэльсынкі ці ў Італію, памежнікі будуць глядзець на вас як на краіну-агрэсара. Мы, безумоўна, будзем з гэтым жыць нейкі час. Нам трэба будзе нейкі час, каб знайсьці гэтую налепку, адчуць яе і неяк зь сябе зьняць».
«Мы павінны за гэта адказваць. Мы дапусьцілі. Значыць, мы зрабілі недастаткова. Мы жылі 26 гадоў паралельным жыцьцём і не заўважалі, што адбываецца. А людзей, якія трубілі аб тым, што Лукашэнка ва ўладзе, называлі „змагарамі“».
Пра пачуцьцё віны
«Гэта неканструктыўна — сядзець і заганяцца. У мяне ёсьць жаданьне зрабіць нешта яшчэ. І я думаю, што мы знаходзімся ў сытуацыі, калі нам трэба прыдумляць новыя мэтады барацьбы. Гэта як такая матэматычная задача, якую немагчыма разьвязаць. Нам здаецца, што мы ўжо ўсё зрабілі, выйшлі, а апынуліся ў нейкім тупіку. Аднак ёсьць матэматычныя задачы, якія людзі не маглі разьвязаць сотні гадоў, але потым усё ж такі разьвязалі. І мне здаецца, што калі ў нас зьявілася думка, што можам перамагчы, нам трэба прыдумляць новыя спосабы ціску на рэжым, устаўляць яму палкі ў колы ўсімі магчымымі новымі спосабамі».
Пра незалежнасьць Беларусі
«У нас заўсёды была нібыта дамоўленасьць з уладай: вы ня лезеце ў палітыку, але затое мы незалежныя, ніколі ў нас ня будзе рускіх войскаў і гэтак далей. І мы зараз назіраем, што чалавек расплочваецца за 2020 год тым, што аддае ўласную краіну».
«Я ня ведаю, ці сапраўды мы былі незалежныя ўсе гэтыя гады. Мы ня ведаем зьместу ніводнай размовы Лукашэнкі з Пуціным за зачыненымі дзьвярыма цягам усіх гэтых гадоў. Мы ня ведаем, зараз на яго націснулі ці раней. Ёсьць у нас зараз поўная незалежнасьць ці квазінезалежнасьць — гэта ўсё не адмяняе барацьбы за тое, каб мы былі сувэрэннай незалежнай дзяржавай».