Сацыёлаг Генадзь Коршунаў пра расійскае грамадства і вайну: Бачым вынік супадзення міфалагем і прапаганды
2022-03-10 12:34
Як сталася, што Расія стала агрэсарам і пайшла вайною на людзей, якіх яшчэ нядаўна называла «брацкім народам»?
Вайну Расіі ва Украіне, па дадзеных дзяржаўнага Усерайсійскага цэнтру даследавання грамадскай думкі, па стане на 5 сакавіка, падтрымлівае 71% апытаных жыхароў Расіі, не падтрымлівае – 21% рэспандэнтаў. І 70% грамадзян мяркуюць, што для расійскіх войскаў вайсковая аперацыя праходзіць паспяхова. Як сталася, што Расія стала агрэсарам і пайшла вайною на людзей, якіх яшчэ нядаўна называла «брацкім народам»?
Слухайце далучаны файл!
Ключавая роля ў падрыхтоўцы грамадства да вайны адводзіцца прапагандзе. І расійская прапаганда выдатна справілася са сваёй задачаю. У 2014-ым годзе, калі Расія развязала вайну на усходзе Украіны, анексавала Крым і па тэлебачанню паказвалі сюжэты пра распятых хлопчыкаў і забарону вывучаць на ўроках біялогіі снегіроў, бо яны маюць чырвоны і белы колер, як на расійскім сцягу, з гэтага кпілі і смяяліся. Але далёка не ўсе. Каму трэба, загатоўленыя ідэі і наратывы прапаганды выдатна леглі на розум і сэрца.
Мы паразмаўлялі з сацыёлагам, старшым даследчыкам Цэнтра новых ідэй Генадзем Коршунавым, як фармуецца грамадская думка.
– Грамадская думка рэдка працуе па лагічных і рацыянальных мадэлях. Яна даволі ірацыянальная і міфалагічная. Трэба разумець, што рускамоўны наратыў заўсёды малюе Расію агромністым і велічным, які заўсёды панаваў і будзе панаваць. І досвед войнаў, якіх было шмат, пачынаючы ад Вялікай айчыннай і да Афганістану ці Сірыі, Расія выступае вялікай дзяржавай, якая атрымлівае перамогу. Прапагандысцкая машына ў Расіі працуе добра, эфектыўна. Яшчэ раней за 2014 год моманты вайны перапрацоўваюць зусім пад іншым соусам – вызваленне, абарона рускамоўных і гэтак далей. І цяпер мы бачым натуральны вынік супадзення міфалагем, якія працуюць у грамадскай думцы і мэтанакіраванай, доўгатэрміновай працы расійскай прапаганды.
Важны момант: Яны не кажуць пра вайну, змяншаюць эмацыйны накал, гавораць пра «невялікую ваенную спецаперацыю», хаця насамрэч гэта вайна. Гаварыць пра вайну забараняюць у прынцыпе.
На шчасце, у Беларусі такой татальнай падтрымкі вайны ва Украіне няма. Яшчэ да пачатку вайны толькі 11-12% жыхароў краіны падтрымлівалі ідэі аб магчымым удзеле Беларусі ў вайне Расіі з Украінай – гэта вынікі даследавання Chatham House, збор дадзеных адбываўся напрыканцы студзеня – у пачатку лютага гэтага года.
Сацыёлаг Генадзь Коршунаў выказвае думку, што колькасць тых, хто падтрымлівае вайну яшчэ больш зменшыцца. І ў гэтым сэнсе пэўнай прышчэпкай ад прапаганды для беларусаў ёсць тыя масавыя ахвяры і разбурэнні, якія прынесла Другая айчынная вайна і акупацыя фашыстамі.
– Адна справа, калі чалавек знаходзіцца ў свеце прапаганды і ўключаны ў наратывы, якія транслюе Расія і рэтранслюе Лукашэнка. Іншая справа, калі да чалавека сапраўды дойдзе і праз інфармацыйную прастору, і праз кошты ў крамах і, не дай бог, праз «пахаронкі». Пры ўсёй моцы расійскай прапаганды за кошт таго, што мы ў гэтым свеце ні адзін дзесятак гадоў, большасць беларусаў уключаная і ў вольную інфармацыйную прастору і ўмее фільтраваць інфармацыю з тэлебачання. Трэба дадаць, што для Беларусі вайна як феномен, агульнае ўспрыняццё, зыходзячы з таго, што я ведаю пра калектыўную сумесную памяць, гэта значна больш трагічная рэч, чым для большасці жыхароў Расіі паняцце.
Што тычыцца пачуцця віны, пра якую загаварыла пэўная частка грамадства, – з тэрыторыі Беларусі ва Украіну ляцяць ракеты і самалёты, едуць танкі – то яе варта ўсё ж трансфармаваць у пачуццё адказнасці і справамі паказваць, што гэта рашэнне Лукашэнкі, які не ёсць народам.
– Украінцаў цяпер можна зразумець. З пэўнага пункту гледзішча яны маюць рацыю. Менавіта з тэрыторыі Беларусі ляцяць самалёты, ракеты і бомбы, ад якіх гінуць украінцы. Але мне падаецца, што ўжо пачынае ва ўкраінскіх медыя, сацсетках прабівацца разуменне таго, што ў Беларусі сітуацыя вельмі дзікая і ад беларусаў нічога не залежыць. І калі пачынаюць разводзіць Лукашэнку і беларусаў, то бачаць, як шмат яны робяць і на лініі фронту, і ў інфармацыйнай сферы, і ў тылу, калі гаварыць вайсковымі тэрмінамі. Гэта не здымае з беларускага грамадства цалкам адказнасці за тое, што адбываецца паміж нашымі народамі і нашымі краінамі. Але я кажу менавіта пра адказнасць, а не пра віну. Бо, калі кажам пар віну, то гэта слабая пасіўная пазіцыя. А мы гаворым пра адказнасць, усё больш і больш людзей нешта робяць, каб выправіць сітуацыю. Хаця сітуацыя ў Беларусі надзвычай складаная. Нават проста за стужкі можна сесці ў турму, нават не за словы. Але пры ўсім гэтым беларусы не скараюцца, стаяць побач з украінцамі і намагацца нешта рабіць. Гэта крыху скасуе тое, што робіць Лукашэнка.
Цяпер мы бачым паўтарэнне беларускіх падзей у самой Расіі – там вычышчаюць медыя поле, падаўляюцца пратэсты супраць вайны, адбываюцца масавыя затрыманні. Тое ж самае было зроблена ў Беларусі цягам 2020-2021 года, і цяпер, калі праз Беларусь едуць танкі і эшалоны з вайсковай тэхнікай знутры краіны фактычна няма каму ўголас пратэставаць. Такая вось сувязь братэрскіх народаў.
вх