Сацыёлагі: Больш за 85% беларусаў супраць уводу войскаў ва Ўкраіну
2022-07-03 13:07
Упершыню пасля пачатку вайны ва Ўкраіне, сацыёлагі з Беларусі, Расеі і Украіны сабраліся на канферэнцыі Варшаўскага Універсітэту ў межах панэлі пад назвай «Вайна ва Украіне. Грамадская думка ў Расеі, Беларусі, Украіне».
Кажа мадэратар панэлі, доктар сацыялагічных навук, кіраўнік Беларускай Аналітычнай Майстэрні Андрэй Вардамацкі:
– 85 адсоткаў беларусаў – дакладная дамінанта на адмаўленне патэнцыйнага ўвода беларускіх войскаў на тэрыторыю Украіны. І толькі кожны дзясяты беларус паставіўся б да гэтага станоўча. Не хочуць беларусы ўдзельнічаць у гэтай вайне.
Самае вострае пытанне канферэнцыі пра атаесамленне беларусаў з рэжымам Лукашэнкі ў тым жа звароце Прэзідэнта Ўкраіны пракаментавала намеснік дырэктара ўкраінцкай агенцыі Info Sapiens Іна Валасевіч:
– Звыш 400 ракет ва Украіну было пушчана з Беларусі. Не трэба чакаць, што мы не будзем абвінавачваць расейцаў, што мы не будзем абвінавачваць беларусаў. У нас у арміі ваююць беларусы, мы ім вельмі ўдзячныя, а таксама ўдзячныя за партызанскі рух, але краіна – наш вораг, адтуль ляцяць ракеты, таму, калі ласка, не чакайце, што мы будзем апраўдваць беларусаў і што мы будзем да іх добра ставіцца.
Спікеры канферэнцыі падкрэслілі, што вайна ва Украіне падняла палітычныя рэйтынгі прэзідэнтаў Зяленскага і Пуціна ўнутры Украіны і Расеі адпаведна. Палітычная фігура Лукашэнкі насуперак зведвае рэйтынгавы спад.
Беларускае Радыё Рацыя