- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Ад падзеяў, якія апісаныя ў кнізе, прайшло больш за дзесяць гадоў – мінімальна неабходны тэрмін, каб можна было ня толькі падаваць фактуру, але падыйсьці да пэўнай ступені аналізу. Аўтар кнігі – жывы ўдзельнік векапомных падзеяў найноўшае гісторыі Беларусі: утварэньне Беларускага Народнага Фронту і абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі. Тэкст кнігі разьвіваецца ў палемічным стылі – Сяргей Навумчык ня проста дыскутуе са сваімі тагачаснымі апанэнтамі, але і робіць высновы з пазыцыі сёньняшняга дня. Галоўная думка аўтара – беларусам, у тым ліку і культурным дзеячам, ня ўдасца пазьбегнуць палітыкі. Адраджэньне канца 1980-х – паловы 1990-х гадоў наўпрост было зьвязанае з вынікамі палітычнай дзейнасьці. Прычым найбольшыя посьпехі беларусізацыя дасягала менавіта тады, калі БНФ удавалася захапіць “пляцдармы” ў дзяржаўных сфэрах. Досьвед таксама паказвае – адраджэньне і разьвіцьцё беларушчыны немагчымае пры аўтарытарызме і дыктатуры, яно магчымае толькі пры дэмакратыі. Упрыгожаньне кнігі – паўсотня фатаздымкаў з розных прыватных калекцыяў ды з архіву БНФ. Таксама ў кнізе ўпершыню публічна прадстаўленыя матэрыялы з архіву дэпутацкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ-га скліканьня.