Севярын Квяткоўскі: сустрэча ў Батумі
2022-08-09 15:18
У грузінскім Батумі адбылася сустрэча з пісьменнікам і літаратарам Севярынам Квяткоўскім, які прадставіў праект „Артысты Перамогі”.
Севярын напісаў шмат тэкстаў для гэтага праекту, аднак ідэя стварэння „Артыстаў Перамогі” належыць вядомаму беларускаму журналісту Сяргею Будкіну. Таксама на сустрэчы абмеркавалі падзеі 9 жніўня 2020 у Беларусі.
Пра сустрэчу кажа медыяэксперт Яўген Юшкоўскі:
– Мне вельмі спадабалася сустрэча, спадабалася дыскусія, якая была арганізавана Севярынам. Праект у яго вельмі важны. Дзякуючы гэтаму праекту мы больш будзем даведвацца пра нашых лідараў меркаванняў, пра тое, хто гэтыя людзі. Хто спявае песні, якія мы пазней спяваем у дварах. Вельмі цудоўна, мы спадзяемся, што ў гэтага праекта будзе будучыня, зоркі будуць ісці на кантакт і прыязджаць у розныя краіны.
Па словах Севярына Квяткоўскага, яму вельмі спадабаліся суразмоўцы:
– Мне вельмі прыемна было пачуць шматгалоссе ўдзельнікаў сустрэчы, бо мы ўсе жывём мазгамі ўсё ж такі ў Беларусі і мы хочам зрабіць з Беларусі лепшае. Тое, што мы жывём у Батумі, я вельмі ўдзячны нашым сябрам грузінам, але ўсё роўна мы хочам вярнуцца ў Беларусь.
Сустрэча ў Батумі была арганізавана ў беларускім каворкінгу LinX і яе арганізатары спадзяюцца ў бліжэйшы час працягваць сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, і літаратарамі.
Беларускае Радыё Рацыя