Што кіруе беларусамі? Дасьледаваньне каштоўнасьцяў
2021-12-29 11:08
Якіх каштоўнасьцяў прытрымліваюцца беларусы? Чым яны адрозьніваюцца ў каштоўнасьцях ад іншых поставецкіх краінаў і ад краінаў Эўразьвязу? Як мяняліся каштоўнасьці беларусаў на працягу 30 гадоў? Ці сталі падзеі 2020 году вынікам кардынальнай зьмены таго, у што вераць беларусы?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Пётр Рудкоўскі.
Рудкоўскі
Каштоўнасьці — гэта ўстойлівыя кагнітыўныя шаблёны ў розуме чалавека, якія ўплываюць на ўспрыманьне выгадаў і выдаткаў.
Цыкль дасьледаваньняў каштоўнасьцяў пачаўся ў 1981 годзе, напачатку толькі ў заходніх краінах.
Пачынаючы з 1990 году, апытаньні па каштоўнасьцях уключалі ў сябе і беларускае грамадзтва.
У 1990-2018 гадах у Беларусі праводзіліся 6 хваляў апытаньня.
Мы аналізавалі дадзеныя апытаньняў праз прызму сэкулярных і эмансыпацыйных каштоўнасьцяў.
Звычайна калі гаворыцца пра сэкулярныя каштоўнасьці, маецца на ўвазе стаўленьне да рэлігійнай веры.
Аднак у адпаведнасьці з канцэпцыяй нямецкага палітоляга Крыстыяна Вэнцэля гэтыя каштоўнасьці — гэта дыстанцыянаваньне ад разнастайных аўтарытэтаў: ад царквы і рэлігіі да дзяржавы і бацькоўскай улады.
Эмансыпацыйныя каштоўнасьці скіраваныя на вызваленьне ад інстытуцыйных абмежаваньняў: гэта і стаўленьне да жанчынаў, да сэксуальных меншасьцяў, устаноўка на аўтаномію.
Нашай задачай не было прасоўваньне нарматыўнай мадэлі, мы не накідалі сваё меркаваньне, якія каштоўнасьці добрыя, а якія — кепскія.
Паводле сэкулярных каштоўнасьцяў паміж Беларусьсю і Захадам, як і паміж Беларусьсю і Эўразіяй, няма выразных кантрастаў.
Паводле гэтага парамэтру Беларусь знаходзіцца крыху бліжэй да Захаду, чым да групы краінаў Эўразіі.
На гэты паказьнік уплывае, прынамсі, нізкі ўзровень патрыятызму ў беларусаў.
Адносна эмансыпацыйных каштоўнасьцяў усясьветнае дасьледаваньне каштоўнасьцяў фіксуе раскол паміж Эўропай і Эўразіяй, і Беларусь значна бліжэйшая да эўразійскай групы краінаў.
Хаця паводле гэтага паказьніку Беларусь бліжэйшая да Эўропы, чым усе астатнія эўразійскія краіны — Армэнія, Казахстан, Кіргізстан і Расея.
Паводле эмансэпацыйных каштоўнасьцяў Цэнтральная Эўропа — яна паміж Заходняй Эўропай і эўразійскімі краінамі.
Сярод усіх узроставых груп тыя беларусы, што нарадзіліся ў 1994–2002 гады, характарызуюцца адносна высокай прыхільнасьцю да pro-life, высокім паказьнікам аўтаноміі і найніжэйшым узроўнем патрыятызму.
У Беларусі паводле каштоўнасьцяў няма расколу паміж Усходам і Захадам. За нешматлікімі выключэньнямі, каштоўнасныя прэферэнцыі разьмяркоўваюцца больш-менш раўнамерна ва ўсходніх, заходніх і цэнтральных рэгіёнах.
У стаўленьні да сэкулярна-эмансыпацыйных каштоўнасьцяў няма сур’ёзных разыходжаньняў паміж гараджанамі і сялянамі, гараджане ў цэлым больш прыхільныя гэтым каштоўнасьцям, але перавага мінімальная.
Маладому пакаленьню найбольш уласьцівыя і сэкулярныя, і эмансыпацыйныя каштоўнасьці. Але па меры сталеньня ўзроставай групы погляды людзей часткова мяняюцца.
Моладзь найбольш прыхільная эўраінтэграцыі. Але па меры сталеньня ладная частка яе мяняе свае погляды, робіцца больш праэўразійскай.
Была гіпотэза, што ўстаноўкі моладзі ў гэтым пытаньні будуць апаноўваць усё большую частку грамадзтва.
Але гэта не зусім спраўдзілася.
Паміж памерамі даходаў рэспандэнтаў і прыняцьцем сэкулярна-эмансыпацыйных каштоўнасьцяў карэляцыя даволі пераканаўчая, больш заможныя беларусы больш прыхільныя гэтым каштоўнасьцям.
А вось паміж узроўнем адукацыі і прыхільнасьцю гэтым каштоўнасьцям карэляцыя ледзь прыкметная.
За два тыдні да прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году мы апублікавалі ўступны агляд дынамікі каштоўнасьцяў за апошнія 10 гадоў.
Там ішлося пра патэрналізм, веру ва ўласныя сілы, стаўленьне да канкурэнцыі.
І тады я зафіксаваў, што за 10 гадоў да 2020 адбыліся істотныя зьмены ў стаўленьні да гэтых каштоўнасьцяў: значнае зьмяншэньне патэрналізму, значны рост веры ва ўласныя сілы, істотнае паляпшэньне стаўленьня да канкурэнцыі і няроўнасьці даходаў.
На пратэстны выбух 2020 году паўплывалі і сытуацыйныя фактары: пандэмія, эканамічныя праблемы, зьяўленьне такіх яскравых фігураў, як Віктар Бабарыка.
Але зрух у каштоўнасьцях на працягу менш чым 10 гадоў таксама адыграў у гэтым важную ролю.