«Што зь імі зробяць? Спаляць». Як у Беларусі зьнішчаюць непажаданыя для ўладаў кнігі
2024-06-10 17:10
Зь беларускіх кнігарняў і бібліятэк тысячамі канфіскуюць кнігі. Прычым ня толькі прызнаныя «экстрэмісцкімі», але і школьныя падручнікі і кнігі на замежных мовах.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў складаецца з больш як 2750 пазыцый. Гэта кнігі, кампакт-дыскі, інтэрнэт-сайты, каналы ў Telegram і іншых мэсэнджарах. Сьпіс на сёньня займае 1093 старонкі, а папаўняецца ледзьве ня штодня. Раней рашэньні аб прызнаньні выданьняў экстрэмісцкімі прымалі адмысловыя экспэртныя камісіі, цяпер гэта робяць раённыя суды, кшталту Жыткавіцкага ці Лідзкага.
Прафэсар Інстытуту філязофіі і сацыялёгіі Польскай акадэміі навук, былы выкладчык БДУ Павал Баркоўскі тлумачыць гэта такім чынам.
«Мы бачым, як, з аднаго боку, забараняюць тэлеграм-каналы з трыма падпісчыкамі проста таму, што камусьці не падабаецца назва. Зь іншага боку, улады хочуць запляміць усю судовую сыстэму, таму яна прыцягвае да выкананьня сваіх даручэньняў (а інакш гэта не назавеш) судзьдзяў з усіх раённых цэнтраў, мястэчак, каб яны сваімі рукамі заплямілі сваю рэпутацыю як судзьдзяў.
Зразумела, што ні пра якую кваліфікаваную экспэртызу гаворка не ідзе. Гаворка пра рэпрэсаваньне ўсяго, што ня згодна з палітыкай сёньняшніх уладаў. Навошта ім экспэртыза? Яна будзе проста замінаць працэсу», — кажа філёзаф.
Зьнішчэньне кніг сьведчыць пра тое, што дзяржава ўзяла за прыклад таталітарныя і аўтарытарныя рэжымы мінулага, у шэрагу якіх сама сябе бачыць, перакананы прафэсар Павал Баркоўскі.
«Прыйшлі двое ў цывільным, самі шнарылі па паліцах»
Шукаюць «экстрэмісцкія» выданьні ня толькі ў публічных бібліятэках і кнігарнях, але і ў кватэрах беларусаў.
Гэта адбылося з жыхаром Кобрыні, якога за кнігу Ўладзімера Арлова «Айчына. Маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі» ў кніжнай шафе арыштавалі на 10 сутак. У пратаколе пазначылі, што адбылося «пікетаваньне».
Бэстсэлеры, кшталту «Сабак Эўропы» і «Апошняй кнігі пана А.»
Альгерда Бахарэвіча, «Выбраных твораў»
Уладзімера Някляева, Вацлава Ластоўскага, Алеся Петрашкевіча зь «Беларускага кнігазбору» і нават «Баляда пра маленькі буксір» нобэлеўскага ляўрэата Ёсіфа Бродзкага яшчэ нядаўна прадаваліся ў дзяржаўных кнігарнях. У «Белкнізе», «Акадэмкнізе», «Цэнтральнай кнігарні» і «Падпісных выданьнях», што па суседзтве з КДБ.
Склад камісій, якія прыходзяць у бібліятэкі, кнігарні, букіністычныя крамы з праверкамі, невядомы. Іх удзельнікі звычайна не прадстаўляюцца падчас візытаў, расказалі Свабодзе некалькі крыніц у кніжнай сфэры. Калі такія людзі знаходзяць непажаданую літаратуру, загадваюць тэрмінова сьпісаць і «ўтылізаваць».
Прадавачка сталічнай букіністычнай кнігарні расказала, як у траўні туды прыйшлі два чалавекі ў цывільным і доўга размаўлялі з загадчыцай.
«Яны самі шнарылі па паліцах. У нас жа няма партый кніг, толькі адзінкавыя выданьні. Знайшлі прыкладна пяць выданьняў. Дзьве кнігі былі бардовага колеру, пазнавальныя — з сэрыі „Кнігазбор“. Загадчыца пісала нейкія акты на сьпісаньне. Кнігі „камісія“ забрала з сабой», — расказала суразмоўца.
Кнігарня «Цэнтральная» ў Менску. Архіўнае фота
«Гэтага ў бібліятэцы быць не павінна»
Са школьных бібліятэк масава забіраюць старыя падручнікі па гісторыі, замежных мовах, мэтадычную літаратуру, расказала былая загадчыца бібліятэкі берасьцейскай гімназіі Тацяна (імя зьмененае дзеля бясьпекі). Праверка прыйшла ў гімназію ў 2023 годзе.
«Адкуль гэтыя людзі, нам не казалі. У гімназіі быў вялікі шухер, усе рыхтаваліся. Акрамя кабінэтаў гісторыі, іх цікавіла бібліятэка. Да мяне прыйшлі два чалавекі. Адзін мясцовы, другі зь Менску. А таксама дырэктарка школы. Менскі паказвае здымак у смартфоне зь нейкай выявай. «Дзе паліца з гістарычнымі кнігамі? Ёсьць такая кніга?» Я кажу: «Ня памятаю, усё сьпісана даўно». «Ну паглядзім, у іншых школах ёсьць такое». Ну, і знайшлі падручнікі і кнігі 1990-х гадоў. «Гэтага ў бібліятэцы быць не павінна. Тэрмінова сьпісвайце», — крычаў ён. Такая гістэрычная рэакцыя была на кнігі — быццам бы гэта выбухоўка! Я кажу: «Яны ж афіцыйным шляхам прыйшлі — зь міністэрства, ня я ж іх прынесла!» — жанчына не хавае эмоцый.
Па словах суразмоўцы, у выніку дырэктарка загадала акты аб сьпісаньні зрабіць задняй датай — за два месяцы да праверкі. Нават мэтадыстка зьдзівілася. Бібліятэкарка расказала, што такая ж сытуацыя і ў іншых школах.
«Калегі пісалі мэтадыстцы, каб нас азнаёмілі са сьпісам забароненых кніг. Тая скінула сьпіс, але ў ім былі зусім іншыя кнігі. Тых, што ў сьпісе, у школьных бібліятэках не было.
І мы яшчэ аказаліся крайнімі: нібыта мы павінны былі патрабаваць дакумэнты ў той камісіі — дзе напісана, якія кнігі не павінны быць у бібліятэцы. А нам паказалі фота ў смартфоне!» — абураецца Тацяна.
Нацыянальная бібліятэка ў Менску. Архіўнае фота
Мэмарыяльная функцыя
Суразмоўца кажа, што сьпісваньне кніг у бібліятэках — звычайная зьява. Сьпісваюць старыя, «ветхие» кнігі. Што да школьных падручнікаў, іх век — 5 гадоў. Цягам гэтага тэрміну падручнікі перадаюць з клясы ў клясу, а потым сьпісваюць.
«Па законе сьпісаныя падручнікі і кнігі здаюцца ў макулятуру (на кіляграмы), і нават нейкія грошы залічваюцца на рахунак школы. Але нельга сьпісваць усё да апошняга экзэмпляра — бібліятэкі ж нясуць мэмарыяльную функцыю. Адзін асобнік абавязкова павінен захоўвацца ў бібліятэцы. Гэтаму мяне вучылі на бібліятэчным факультэце. Я казала пра гэта і дырэктарцы, і камісіі. Маіх пярэчаньняў пра апошні экзэмпляр ніхто не пачуў», — кажа былая бібліятэкарка.
Па яе словах, настаўнікі і вучні-алімпіяднікі часта карысталіся падручнікамі розных гадоў: некаторыя тэмы там лепш распрацаваныя. Раней у гімназіі былі платныя заняткі па польскай мове. На паліцах стаялі падручнікі польскай мовы для 1–3 клясаў. Пасьля той праверкі ў 2023 годзе курсы закрылі, падручнікі прыбралі, расказала былая бібліятэкарка берасьцейскай гімназіі.
«Арышт» для кнігі па-беларуску
Былы палітзьняволены, які нядаўна вызваліўся з наваполацкай калёніі № 1, расказаў, што раней там была вельмі прыстойная бібліятэка: шмат кніг, часопісаў, пэрыёдыкі на беларускай мове. Таксама было нямала кніг на замежных мовах. У 2023 годзе ўсе іх забаранілі.
«Калі размаўляеш на беларускай мове — ага, „змагар“! Нельга! І кнігі ўсе канфіскавалі на беларускай мове. Да таго ж у бібліятэцы было шмат падручнікаў па замежных мовах, размоўнікаў: на ангельскай, гішпанскай, нямецкай. Канфіскавалі нават пару кніг на кітайскай. Мы прыколваліся, маўляў, „кітайцы ж нашы сябры“. Правялі ператрусы па ўсіх атрадах. У калёніі бываюць раз на паўгода кніжныя кірмашы, людзі самі куплялі. Канфіскавалі і асабістыя кнігі. Мы запыталіся, што зь імі зробяць. Канваір цынічна адказаў, што спаляць», — расказаў былы вязень Андрэй.
Ад часоў інквізыцыі да Беларусі 2020 году
Прафэсар Інстытуту філязофіі і сацыялёгіі Польскай акадэміі навук, былы выкладчык БДУ Павал Баркоўскі тлумачыць, што ў дзяржавах, дзе рэзалі ці палілі кнігі, усталяваны моцны ідэалягічны рэжым, які змагаецца з іншадумствам.
«Сьвядома зьнішчаць кнігі пачалі яшчэ ў часы інквізыцыі, калі ў сьпіс забароненых кніг траплялі творы, якія лічыліся царквой вальнадумнымі. Кнігі публічна палілі на вогнішчах.
У нацысцкай Нямеччыне вогнішчы распальваліся таксама на плошчах. У Савецкім Саюзе гэта таксама было, але ўжо менш тэатральна — усё ж такі паліць ці зьнішчаць кнігі не лічылася дасягненьнем, каб так публічна справаздачыцца. Кнігі зьнішчаліся ціха, таемна», — паглыбляецца ў гісторыю філёзаф Баркоўскі.
У гісторыі Беларусі зьнішчэньне кніг таксама адбываецца не ўпершыню: 87 гадоў таму, на пачатку чэрвеня 1937 году Галоўліт БССР, які падпарадкоўваўся НКВД, загадаў выключыць зь бібліятэк і кнігарняў 421 кнігу беларускіх аўтараў, у тым ліку творы клясыкаў. У загадзе тлумачылася, што кнігі трэба прапусьціць праз рэзальныя машыны ці спаліць.
У незалежнай Беларусі прызнаваць літаратуру «экстрэмісцкай» пачалі, мабыць, пасьля Плошчы — 2010. Збольшага гэта кнігі, якія беларусы ўвозілі з-за мяжы — мытнікі праяўлялі пільнасьць.
У лістападзе 2012 году ў «Каменным Лагу» ў фатографаў Юліі Дарашкевіч і Аляксандра Васюковіча забралі 41 асобнік альбома «Прэс-фота Беларусі — 2011», накіравалі на экспэртызу. Адмысловая камісія
пастанавіла, што «друкаваная прадукцыя прызнаная незаконнай і падлягае зьнішчэньню».
У 2013 годзе ў сябра АГП Аляксандра Малочкі ашмянская мытня забрала кнігу Валера Карбалевіча «Аляксандар Лукашэнка. Палітычны партрэт», выдадзеную ў 2010 годзе. Раней экспэртыза з горадзенскіх ідэолягаў наогул не знайшла ў кнізе нічога крамольнага і рэкамэндавала вярнуць выданьне ўласьніку. Кнігу спадару Малочку не вярнулі.
У красавіку 2014 году ў палітыка Паўла Севярынца на памежным пераходзе «Брузгі» канфіскавалі кнігі Зянона Пазьняка «Terra Dei», «Развагі», «Парсіваль», якія ён вёз з Польшчы. Накіравалі ў тую ж гарадзенскую камісію аблвыканкаму па супрацьдзеяньні экстрэмізму.
Праз 3 месяцы Севярынцу вярнулі 25 кніг з 26, адну пакінулі сабе.
Аднак у красавіку 2016 году дзьве кнігі Зянона Пазьняка — «Добрая фатаграфія» і «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял» — Берасьцейскі суд прызнаў экстрэмісцкай літаратурай.
У 2016 годзе ў гісторыка Ўладзімера Валодзіна ашмянскія мытнікі канфіскавалі кнігу «Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі». Крыху раней горадзенскія «экспэрты» ўжо шукалі экстрэмізм у гэтай кнізе, але не знайшлі.
Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч, чые кнігі ў Беларусі прызнаныя «экстрэмісцкімі»
Якім чынам цяпер будуць «утылізаваць» небясьпечныя кнігі?
Раней, калі беларускія ўлады зьнішчалі кнігі, іх раздушвалі бульдозэрамі і трактарамі, а таксама палілі, кажа прафэсар Павал Баркоўскі.
«Зразумела, могуць выкарыстаць цэлы спэктар магчымасьцяў. Можна ўкачваць бульдозэрам — расейцы паказалі прыклад падчас прадуктовых санкцый, нават адмысловыя машыны прыдумалі. Тут ня так важна, як будуць зьнішчаць. Важна, што наогул зьнішчэньне кніг (нават калі яны не падабаюцца табе па зьмесьце) лічыцца нармальнай і добрай практыкай у ХХІ стагодзьдзі. Гэта проста паказвае, наколькі далёка ў мінулае нас зацягнулі памагатыя гэтага рэжыму. Гэта ўжо ня толькі 1937-ы, чыноўнікі рэжыму гатовыя вярнуцца да вогнішчаў інквізыцыі. Гэта проста ганебная старонка беларускай гісторыі. Зьнішчаць кнігі — гэта злачынства», — кажа прафэсар філязофіі Баркоўскі.