Сілавікі прыйшлі ў выданне «Новы Час». Вобшукі ў супрацоўнікаў і ў рэдакцыі
2021-10-20 14:43
Раніцай перасталі выходзіць на сувязь супрацоўнікі газеты "Новы Час". Пазней стала вядома, што дома ў журналістаў і ў рэдакцыі адбываюцца вобшукі.
Ад раніцы няма сувязі з галоўным рэдактарам Аксанай Колб, журналістам, намеснікам рэдактара Сяргеем Пульшой.
Інфармацыя пацвердзілася.
У Сяргея Пульшы быў вобшук дома, гэта паведамілі сведкі падзеі. Пасля гэтага сілавікі разам з Сяргеем паехалі ў рэдакцыю "Новага Часу".
Учора, 19 кастрычніка, быў вобшук дома ў фатографа выдання "Новы Час" Дзмітрыя Дзмітрыева. Забралі кампутар.
«Новы Час» — беларуская агульнапалітычная штотыднёвая газета. Заснавана Мінскай гарадской арганізацыяй Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, спадкаемца газеты "Згода".
Выдаецца з сакавіка 2002.
***
У лістападзе 2020 года падчас асвятлення пратэстаў у Беларусі былі затрыманыя фотакарэспандэнты газеты. Адну з іх — Яну Трусіла — затрымлівалася два разы і агулам яна была пакараная 28 суткамі адміністрацыйнага арышту.
Фатографа выдання Дзмітрыя Дзмітрыева таксама неаднаразова затрымлівалі. 9 жніўня 2020-га яго затрымалі падчас працы на выбарчым участку з прымяненнем гвалту. Затым яго некалькі разоў затрымлівалі ў кастрычніку, а ў лістападзе пасля чарговага затрымання прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
5 жніўня 2021 года рана раніцай у дом Дзмітрыя прыйшла міліцыя. Фатографа забралі на допыт, у той жа дзень адбыўся суд. Дзмітрыева прысудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту за «супраціў супрацоўнікам міліцыі».
12 сакавіка 2021 года арыштавалі журналіста выдання Дзяніса Івашына. Дзяніс Івашын — аўтар цыклу артыкулаў-расследаванняў "Каго ці што абараняе "Беркут" у Беларусі».
Івашына абвінавачваюць па артыкуле 365 Крымінальнага кодэкса (ўмяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў). Журналіст прызнаны палітычным зняволеным.
14 студзеня 2021 года стала вядома, што «Белсаюздрук» разрывае дамову з рэдакцыяй аб распаўсюдзе яе выдання ў сваіх кіёсках з 1 лютага. З гэтага моманту газета распаўсюджвалася толькі па падпісцы. 7 чэрвеня "Белпошта" праінфармавала рэдакцыю, што газета выключаная з падпіснога каталога на другое паўгоддзе. Рэдакцыя самастойна рассылала газету падпісчыкам.