Сілавікі затрымалі 20 мэдыкаў, якія выйшлі на марш пратэсту ў Менску
2020-11-07 13:10
Каля першага клінічнага шпіталя ў Менску мэдыкі сабраліся на чарговую акцыю пратэсту. Сілавікі адразу пачалі затрыманьні.
7 лістапада мэдыкі плянавалі правесьці сваю акцыю салідарнасьці каля 1-га гарадзкога клінічнага шпіталя. Амаль адразу пасьля таго як удзельнікі выйшлі з будынку і пачалі апранаць белыя халаты, да іх рушыла калёна мікрааўтобусаў з сілавікамі.
Мэдыкаў абступілі людзі ў чорным, пачалі здымаць на камэру. Побач былі людзі, якія папярэджвалі пратэстуючых аб адказнасьці. Усьлед за гэтым пачаліся затрыманьні.
Агулам затрымана 20 чалавек, паведамляе тэлеграм-канал «Белыя халаты», людзі нават не пасьпелі сабрацца ў калёну.
Вядома пра затрыманьне:
Багамаз Кіра Мікалаеўна, лекар лабарыторыі дыягностыкі.
Мазурэнка Кацярына Валер'еўна, БелМАПА, катэдра нэўралёгіі.
Шырынская Дзіна, шпіталь хуткай дапамогі
Пятроўская Надзея,
Старавойтава Сьвятлана Ягораўна, стаматоляг.
Раней на пляцоўку каля шпіталя прыбылі сінія мікрааўтобусы і аўтазакі.