Слова пад ціскам. Аўтарка з Беларусі: Бура, што перавесіла шыльды
2025-10-12 13:58
Што адбываецца са словам, калі яно трапляе пад ціск — цэнзуры, эміграцыі, маўчання, траўмы? Мы запыталі беларускіх аўтарак і аўтараў, як яны пішуць сёння, дзе шукаюць натхненне, што страцілі і што знайшлі нанова. Так нарадзіўся цыкл рэфлексійных эсэ «Слова пад ціскам» — пра творчасць, што перажывае крах і адначасова стварае новыя формы жыцця. Хтосьці піша з выгнання, хтосьці знутры краіны, але ўсе яны сведчаць: літаратура жыве. І калі не ведаеш, з чаго пачаць — пачынаеш з сябе.
АЎТАРКА З БЕЛАРУСІ
Бура, што перавесіла шыльды
Ці адчуваеце вы сёння ўнутраны імпульс да пісьма? Ці адаптаваўся творчы нерв да новага грамадскага і палітычнага ландшафту?
2020 год меў эфектам неймаверны ўсплёск беларускай крэатыўнасці, які мы наўрад ці яшчэ засведчым блізкім часам. Было шмат нечаканай паэзіі, імпульсіўных рэфлексій. Цяпер жа такі час, калі разумееш: скончыўся вялікі перыяд гісторыі (бурлівыя дзевяностыя, бясчассе нулявых, адліга дзясятых) — і задачай літаратуры бачыцца неадкладна пачаць усё гэта (пера)асэнсоўваць. Што, па меры сілаў, і раблю.
Калі беларуская культурная прастора звузілася, ці знайшлі вы сваё месца ў ёй? Ці трансфармавалася літаратара ў новых умовах з працэсу самавыяўлення ў форму выжывання? Калі раптам апынуліся б у іншых абставінах (у бяспецы, адкрытасці), ці напісалася б нешта прынцыпова інакшае, глыбейшае, больш свабоднае?
Так, я адаптаваная ў новай культурнай прасторы ўнутры краіны, добра ў ёй арыентуюся і даволі ўпэўнена пачуваюся. Можна сказаць, я пачуваюся нават лепш, чым да 2020 года. І тады, і цяпер цалкам выкрасленая з культурнага жыцця краіны, але ёсць нюансы. Сёння ў маім становішчы апынулася вялікая колькасць людзей, у тым ліку некаторыя «ненадзейныя элементы» самі сябе «выкрэсліваюць» цяпер. Я стараюся не злараднічаць з гэтай нагоды, а дапамагаць, падбадзёрваць, дзяліцца досведам маргінальнай аўтаркі. Увогуле, мы цяпер, па маім адчуванні, жывём у казцы Андэрсэна пра буру, што перавесіла шыльды. Цалкам дэзарыентаваныя ў культурнай прасторы — але ў нечым новы расклад больш адпавядае сутнасці рэчаў.
Думаю, гэта датычыць і сітуацыі па-за Беларуссю. Там прайшлася такая ж бура. У мае нячастыя, але рэгулярныя прыезды за мяжу я сустракаю шмат разгубленых творцаў. Перамяшчэнне ў іншую краіну ніякім чынам не паўплывала б на мой метад.
Ці сфармавалася, на ваш погляд, беларуская літаратурная эміграцыя за гады змушанага выгнання ў сістэмную структуру? Калі гэта плынь, то наколькі глыбокая? Або яна бачыцца з Беларусі наогул, толькі ручаямі, што яшчэ не знайшлі сваёй агульнай рэчкі?
На мой погляд, казаць пра нашую літаратурную эміграцыю як пра асобную творчую плынь пакуль рана, а можа, і наогул бессэнсоўна. Само назіранне, што ў эміграцыі мусіць быць нейкае адгалінаванне, асобны рух ці стыль, састарэла на паўвека, калі не на век. І расійская «белая» эміграцыя пасля 1917 года, і беларуская незалежная пасля 1944-га напоўніцу парывалі з роднымі краямі: перапыняліся асабістыя сувязі, інтэлектуальны абмен, нават ліставанне — але істотнае тут іншае. Усе тыя людзі ўцякалі з краіны, якой ужо не існавала (манархічная Расія) або яшчэ не існавала (незалежная Беларусь). Сёння, дзякуючы інтэрнэту, паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся, не перапыняюцца ні асабістыя, ні інтэлектуальныя сувязі. Кнігі, хоць і з цяжкасцю, цыркулююць праз мяжу. Навіны і падкасты, хай і з VPN, дасяжныя ўсім ахвочым. А галоўнае, Беларусь існуе як суверэнная краіна, цалкам аформленая палітычная з’ява, зафіксаваная на мапах пэўная тэрыторыя — няхай і са сваімі прыколамі. Сведчаннем гэтаму можа быць кулончык з контурамі Беларусі, папулярны як унутры краіны, так і за мяжой. Пад уплывам брэнду «Беларускі cry» такой сувеніркі паўсюль паболела — і найперш у дзяржаўных сувенірных крамах. Мне нават здаецца, што беларусы ў будучыні адмовяцца ад любых тэрытарыяльных прэтэнзій на Смаленск, Беласток, Чарнігаў ці Вільню: надта ж кулончык выйшаў прыгожы:)
Я да таго, што фізічнае перамяшчэнне беларусаў па свеце, на мой погляд, ніяк не зменшыла іх беларусацэнтрычнасці, а, здаецца, наадварот, узмацніла яе. Таму, калі там і з’яўляюцца асобныя плыні, яны цякуць сюды, у роднае балота:)
Што і хто з беларускай літаратуры замежжа трапляе ў вашую чытацкую оптыку, цешыць вока радком ці словам? Або звяртаецеся выключна да класікі, каб не страціць унутранага арыенціра?
Аўтаркі і аўтары, якія застаюцца ў Беларусі, маюць (прынамсі пакуль) магчымасць выдавацца за мяжой: за апошнія гады два я налічыла з тузін кніжак. Таму сёння на «метраполію» і «дыяспару» я беларускае пісьменства — паўтаруся — не дзяліла б. Цяжка вызначыць, што такое «замежны белліт», калі вялікая колькасць выйшла «там», а напісаная «тут». Або напісаная «там» пра «тут» (як кніга Югасі Каляды «Перамена месцаў» ці Клёка Штучнага «Забойства на вуліцы Макаёнка». Я стараюся сачыць за ўсім, што выходзіць унутры Беларусі, за яе межамі і пра Беларусь. З «замежнага» з цікавасцю паглядзела оперу «Дзікае паляванне караля Стаха», стараюся ўпаляваць новыя кнігі Альгерда Бахарэвіча, але атрымліваецца цяжка. Маю магчымасць чытаць паэтаў, якія выехалі, дзякуючы сацсеткам і часопісным публікацыям. Паслухала рэліз Вольгі Гапеевай, якая не толькі стала супрацоўнічаць з музыкамі, але і піша цяпер па-нямецку. Мне здаецца, іншамоўных аўтараў і аўтарак з беларускім бэкраўндам з часам паболее.
Якія перашкоды, на ваш погляд, найбольш істотна стрымліваюць літаратурную дзейнасць сёння — і ўнутры краіны, і ў выгнанні?
Мне моцна бракуе актуальнай вострай крытыкі. Без цэльнага асэнсавання літпрацэсу яго, лічы, не існуе. Калісьці чула правіла: толькі той перформанс лічыцца здзейсненым, які зафіксаваны на відэа, ці фота, ці задакументаваны іншым чынам. Дык нашай літаратуры не стае такой «дакументацыі». Я чытаю крытыкаў Зосю Лугавую, ВераБейку, водгукі на сайце Валера Гапеева, сачу за Літрадыё — але мне ўсё адно мала.
А так, мне здаецца, нашу літаратуру разбіць, спыніць і стрымаць немагчыма. З гэтым у нас усё добра, нягледзячы ні на што.