Сотні людзей на пікетах па зборы подпісаў у Гародні
2020-06-08 14:05
У Гародні, як і ў шэрагу гарадоў Беларусі, сёння праходзяць чарговыя акцыі па зборы подпісаў для вылучэння незалежных кандыдатаў у прэзідэнты.
Некалькі соцень чалавек стаяць у чэргах на Савецкай плошчы, каб пакінуць свой подпіс за кандыдатаў.
Подпісы ў цэнтры Гародні збіраюць за Святлану Ціханоўскую, Віктара Бабарыку і Ганну Канапацкую.
Гарадзенцы кажуць, што яны пакінуць подпіс за любога з кандыдатаў, але толькі не за Лукашэнку:
– Можа, нарэшце, памяняем. Спадзеў вялікі маем. Самае галоўнае, спадзяемся, што дзеці будуць жыць у нармальнай краіне. Што прыйшоў час, калі ад нас нешта залежыць. Можа ўдасца памяняць гэтае чучала. Я падпісваюся за ўсіх супраць Лукашэнкі.
– Падпішуся за чорта, толькі супраць рэжыму Лукашэнкі. За 26 гадоў ужо прагрыз плешыну!
– Хочам падпісацца за Святлану Ціханоўскую, каб яна была мужнай, дайшла да канца. Каб з’явілася ў новай Беларусі свабода слова, свабода друку, падвысіліся пенсіі. Каб людзі ўсміхаліся ў грамадскім транспарце, у горадзе так, як у іншых краінах. Буду падпісвацца і за іншых кандыдатаў.
За Валерыя Цапкалу можна падпісацца таксама непадалёк – у 100 метрах на вуліцы Савецкай, але там няма такіх вялікіх чэргаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча