Старую школу 1942 года пабудовы пераўтвараюць у творчую рэзідэнцыю для беларусаў
2024-10-26 21:17
Група творчых людзей задумала стварыць у Польшчы культурна-навуковую рэзідэнцыю. Для праекта яны адшукалі старую драўляную школу 1942 года пабудовы, якую мясцовая адміністрацыя перадала цалкам бясплатна. Праект так і называецца - «Старая Школа».
Для ініцыятараў гэта не проста рэканструкцыя будынка. Гэта ўваскрашэнне надзеі на тое, што праект зможа дапамагчы тым, хто сутыкаецца з сацыяльнымі праблемамі, хто шукае выйсце з цяжкіх жыццёвых сітуацый. Гэта рэзідэнцыя для вучоных, мастакоў, людзей з інваліднасцю, для тых, хто пераадольвае залежнасці, для бежанцаў, якія шукаюць падтрымку, расказвае ініцыятарка Аксана Гатальская:
- Гэта інавацыйная ідэя, паколькі рэзідэнцыя павінна выходзіць на самадастатковасць фінансавання. Вакол рэзідэнцыі ўзнікнуць майстэрні, дзе нашыя рэзідэнты будуць рэалізоўваць праграмы. Напрыклад, адзін праект тычыцца крэатыўных заняткаў у турмах і з цяжкімі падлеткамі ў наркалагічных цэнтрах. Такі праект нідзе яшчэ не рэалізоўваўся. Гэта адна з ідэй. Гэта будзе шмат функцыянальная рэзідэнцыя, дзе месца для сябе знойдуць найперш нашыя ўцекачы.
Паводле папярэдняй дамоўленасці, рэзідэнцыя будзе знаходзіцца ў гміне Збучын. Усё дзякуючы пазітыўнаму стаўленню войта Губерта Пасяка. Яму належыць асаблівая падзяка, гаворыць Аксана:
- Гэта вёска на мяжы Падляскага, Мазавецкага і Люблінскага ваяводстваў. У дзяржаўных праграмах Усходняя Польшча знаходзіцца на больш нізкім узроўні, таму думаю, што ў нас будуць добрыя шанцы на хуткую рэалізацыю. Мы разлічваем на датацыі. Рэзідэнцыя будзе ў вёсцы Бзоў, менавіта там стаяў будынак школы. Мы плануем там куток памяці, для якога мы захавалі прадметы, якія былі ў будынку школы.
Гміна аддала будынак школы, які цяпер неабходна перанесці з месца на месца. Ужо працуе будаўляная фірма, якая па мінімальных коштах разбірае будынак, сцены якога захаваліся ў дастаткова добрым стане. У будучыні будынак школы будзе сабраны бэлька па бэльцы ў той жа вёсцы Бзоў насупраць участка, дзе да гэтага стаяла школа. Ужо запланавана, што будзе знаходзіцца ў будынку рэзідэнцыі, расказвае Аксана:
- У будынку будзе вялікая выставачная зала, студыя гуказапісу, студыя камп’ютарных тэхналогій, фотастудыя. Мы хочам, напрыклад, шыць нацыянальныя касцюмы і запрашаць на фотасесіі, каб зарабляць грошы на ўтрыманне рэзідэнцыі. Ёсць ідэя прыцягнення грамадства, у тым ліку мясцовых жыхароў. Спадзяемся на шырокую падтрымку. Ёсць ідэя даследавання традыцый – розніц і падабенстваў, каб на гэтай аснове рабіць нешта сучаснае. Перадаваць гэтую спадчыну новай мовай, больш зразумелай.
Калі ўсё пойдзе згодна з запланаваным графікам, то вясной будынак будзе сабраны. Аднак ёсць важная ўмова: да 30 лістапада будынак павінен быць перанесены на новае месца за свой кошт. Аўтары праекта кажуць, што ім неабходная дапамога неабыякавых людзей. Яны заклікаюць усіх, хто можа, далучыцца да праекта: «Гэта можа быць ваш унёсак у будучыню, дзе культура, навука і гуманізм аб'яднаюцца ў адзінае цэлае, дзе людзі дапамагаюць адно аднаму і разам пераадольваюць цяжкасці».
- Мы ўжо дамовіліся, што гэтая ж брыгада паскладвае нам будынак за такі ж мінімальны кошт. Плюс бетон і дах. Такі дэвелоперскі стан можа быць вясною. А калі казаць пра запуск рэзідэнцыі, то я ўжо пішу заяўкі на гранты. Хачу адзначыць, што праект – модульны. Калі ў нас атрымаецца, то яго зможа паўтарыць любая гміна. А старых школ у краіне вельмі шмат.
На сайце Гронка ідзе
збор сродкаў на аплату фірме, якая разбірае будынак.
ав
слухайце аўдыё