- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Паэт і публіцыст Уладзіслаў Казлоўшчык (сапр. Казлоўскі) нарадзіўся 29 чэрвеня 1896 года ў вёсцы Залессе Сакольскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Падляшскае ваяводства ў Польшчы). У 1918–1919 гадах арганізаваў беларускія школы ў сваім родным Сакольскім павеце, потым займаўся наладжваннем кааператыўнай дзейнасці на Міншчыне. У 1921–1930 гадах служыў у Войску Польскім, але працягваў трымаць лучнасць з беларускім нацыянальным рухам. Звольніўшыся са службы ў рангу паручніка, прыехаў у Вільню, дзе арганізаваў гімнастычнае таварыства «Гайсак», выдаваў часопіс «Новы шлях» і займаўся стварэннем Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі (разам з Ф. Акінчыцам). У гэты перыяд У. Казлоўскі шмат піша, друкуецца ў часопісах «Шлях моладзі», газеце «Крыніца», асобнымі кнігамі выдае зборнік «Беларускія народныя песні з Сакольскага павета» (1930), вершаваны раман «Путы кахання» (1932). З пачаткам Другой сусветнай вайны У. Казлоўскі пераязджае ў Мінск, дзе з 1942 года рэдагуе «Беларускую газету». Здольны беларускі літаратар У. Казлоўскі, на жаль, зняславіў сваё імя супрацоўніцтвам з нямецка-фашысцкімі акупантамі, антысеміцкімі выступленнямі ў друку. За гэта і паплаціўся. Проста ў рэдакцыі сярод белага дня 13 лістапада 1943 года ён быў застрэлены савецкімі партызанамі.
   Увесь твор у адным файле