- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Прыгадваю першую сустрэчу з Аляксеем Пятровічам. Было гэта на пачатку 90-х гадоў. Дзверы аддзела пісем рэдакцыі райгазеты “Савецкае Палессе” адчыніліся і на парозе з’явіўся статны чалавек у вайсковым адзенні. Ветліва прывітаўся і павёў размову на чыстай беларускай мове. Расказаў, што любіць паэзію, цытаваў вершы Ларысы Геніюш і сціпла прамаўчаў пра тое, што ў ягонай душы напеўна кладуцца рыфмаваныя радкі. Яго ўласныя пачуцці, з’явы прыроды, падзеі мясцовага значэння – найчасцей жартоўна-гумарыстычныя бытавыя сцэнкі. Вершы А. П. Галаскок прынёс пазней. Іх адразу прыкмецілі, ацанілі чытачы – нашы самыя непадкупныя крытыкі. Прыкмецілі – і палюбілі. За тое, што яны на сакавітай роднай мове, за тое што мае дар паднесці ў рыфмаваных радках даступна, трапна – дзе са смехам - жалем, дзе з дабразычлівым мяккім гумарам, тое, што многія з нас носяць у сэрцы, а выказаць не могуць. Розныя тэмы хвалююць Аляксея Пятровіча. І тое, што ён у сталым узросце пачаў пісаць вершы для дзяцей мяне не здзівіла. Мы, маючы ўнукаў, з вышыні пражытых гадоў разумеем дзетак па-іншаму, і шкадуем-любім іх іншай любоўю. (М. Шчаўкун, Няхай добра рыфмуецца!, фрагмэнт)