Суд над журналісткай Tut.by Надзеяй Калінінай перанесьлі, яе адпусьцілі
2021-02-01 20:27
У судзе Ленінскага раёну Менску асудзілі карэспандэнтку Tut.by Надзею Калініну.
Судзьдзя Тацяна Шоцік правяла пасяджэньне праз скайп. Журналістку абвінавачвалі ў тым, што яна знаходзілася каля праезнай часткі і выкрыквала лёзунгі. Надзея Калініна адмаўляла ўсе прад'яўленыя абвінавачаньні.
Надзея Калініна расказала ў судзе, што яе затрымалі на ўваходзе, яна паказала пасьведчаньне журналісткі і запытала, ці можна прайсьці на сход. Пакуль чакала адказу, Калініна заўважыла Савіных і Качанаву. Бліжэй да 16.00 супрацоўнік папрасіў яе пакінуць памяшканьне. А ўжо на вуліцы да яе падбеглі двое незнаёмых у чорным, затрымалі яе і пасадзілі ў мікрааўтобус.
Ва Ўпраўленьні ўнутраных спраў Ленінскага раёну на Надзею склалі адміністрацыйны пратакол. Адваката да яе не пускалі, нягледзячы на неаднаразовыя патрабаваньні.
Журналістка сьцьвярджала, што ніякага пікету ня ладзіла, і прасіла, каб у суд прыехалі Марыяна Шчоткіна, Натальля Качанава, Андрэй Савіных, якія бралі ўдзел у мерапрыемстве ў ДК «Камволь».
Суд прыйшоў да высновы, што трэба запатрабаваць відэазапісы з камэраў назіраньня менскага ДК «Камволь», дзе яе схапілі, а пасьля працягнуць пасяджэньне. Паколькі Надзею Калініну затрымалі, паводле пратаколу, 29 студзеня ў 15.50, тэрмін 72-гадзіннага затрыманьня скончыўся, журналістку адпусьцілі да наступнага паседжаньня суду.
Журналістка перастала выходзіць на сувязь днём 29 студзеня. Паводле інфармацыі рэдакцыі, яна спрабавала трапіць на зьезд дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу па Менску, які праходзіў у ДК «Камволь».
1 лютага журналістка пасьпела перадаць адвакату, што ўтрымліваецца ў камэры на пяць чалавек, дзе зь ёй 12 жанчын. Перадач, у тым ліку бялізны і сродкаў гігіены, ні для кога не прымаюць. А пратаколы склалі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (паўторна на працягу году) і за непадпарадкаваньне патрабаваньням супрацоўніка міліцыі.
Пры гэтым калегі і сваякі да дня суду ня ведалі, за што менавіта судзяць Надзею.
У Калінінай тахікардыя, у зьняволеньні ў яе абвастрылася мігрэнь. Яна 2 дні спала на падлозе.