Суд у Мінску прызнаў «экстрэмісцкімі» кнігі гісторыка Ігара Мельнікава, які знаходзіцца ў зняволенні
2024-08-31 14:45
Кнігі гісторыка Ігара Мельнікава, якога затрымалі каля паўгода таму за садзейнічанне «экстрэмісцкай дзейнасці», уключылі ў спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Такое рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска. Гісторыка затрымалі каля шасці месяцаў таму.
«Экстрэмісцкімі» прызналі кнігі, «а таксама іх копіі альбо іншыя кніжныя выданні»:
- Нiчыпарук П.К., Мельнiкаў I.B. Адысея палешука / Павел Нічыпарук, Ігар Мельнікаў. – Мінск: «Альфа-кніга», 2017. – 328 с.;
- Мельнікаў, I.B. Забыты корпус: гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919-1920 гадах / Ігар Мельнікоў – Мінск: «Альфа – кніга», 2018. – 224 с.;
- Мельнiкаў, I.B. На мяжы цывілізацый. Старонкі гісторыі даваеннага савецка-польскага кардону ў Беларусі / Ігар Мельнiкаў. – Мінск: «Альфа-кніга», 2020. – 352 с.
Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі старонкі ў Facebook «БелАрусы ў Германіі» і «Андрэй Варонін». Акаўнт у TikTok ostorojno_virus і яго лагатып, старонкі ў Instagram mhacak, natalliakizeyeva, freebelarus_eu. Старонка ў Twitter Freedom postcards | Volnyja pashtouki. Тэлеграм-канал «Thule Signal / Аляксей Лёўкін / Малаток з РДК».
Ігару Мельнікаву 44 гады. Родам ён з Бабруйска. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (2002) і Варшаўскі ўніверсітэт (2005). У 2011 годзе атрымаў ступень кандыдата гістарычных навук, пісала «Наша Ніва».
Гісторыка затрымалі каля шасці месяцаў таму. Мінскі гарадскі суд пачне разглядаць яго справу 10 верасня. Яго абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК). Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле складае шэсць гадоў калоніі.