Святлана Алексіевіч стала лаўрэаткай міжнароднай ганаровай прэміі ад буйнога Міжнароднага літаратурнага фестывалю ILFU у Нідэрландах. Учора ўвечары пачэсную ўзнагароду — пярсцёнак Belle van Zuylen ring — на літаратурным форуме ёй уручыла мэр горада Утрэхта — Шарон Дэйксма, піша reform.news. «Літаратура — гэта сродак поліфаніі, як аніякі іншы», — павіншавала спадарыня Шарон беларускую нобелеўскую лаўрэатку, падкрэсліўшы «шматгалоссе» творчасці пісьменніцы. Пярсцёнкам імя Бэль ван Зёйлен (Belle van Zuylen), названым у гонар галандска-швейцарскай аўтаркі, адзначаюцца літаратары, чыя творчасць мае вялікае грамадскае значэнне.
Узнагароджанне Святланы Алексіевіч адбылося ў межах фестывальнага ўікенда ILFU — культурнай падзеі «Даследуючы гісторыю»«. Можна сказаць, што арганізатары фэсту падрыхтавалі адмысловую праграму, прысвечаную Беларусі, кульмінацыяй якой стала ўзнагароджанне літаратаркі.
Мэр горада Утрэхта Шарон Дэйксма ўручае ўзнагароду Святлане Алексіевіч на Міжнародным літаратурным фестывалі ILFU. Фота: Maarten Mooijman
Так, у межах праграмы, арганізаванай у супрацоўніцтве з ПЭН-клубам Нідэрландаў, адбылася дыскусія нідэрладскага гісторыка і журналісткі Франкі Гумельс і беларускай паэткі, пісьменніцы Юлі Цімафеевай — у ёй аўтаркі абмяркоўвалі сітуацыю ў Беларусі, пісьменніцкую дзейнасць Святланы Алексіевіч і актывізм.
Юля Цімафеева і Франка Гумельс падчас дыскусіі. Фота: Maarten Mooijman
Гэтаксама асобнай доўгачаканай імпрэзай сталася публічная лекцыя Святланы Алексіевіч у «Герцы».
«Я ня думаю, што цяпер буду ўдавацца ў бягучыя праблемы: пандэмія каронавірусу, вайна ва Ўкраіне, хісткая дэмакратыя... Я магу толькі расказаць вам, як я пішу новую кнігу. Як я шукаю новыя словы для ўсяго ў гэтым новым свеце, у якім мы цяпер жывем», — цытуе словы аўтаркі «Час сэканд-хэнд», «У вайны не жаночае аблічча», «Цынкавых хлопчыкаў» ды іншых вядомых твораў каманда фестывалю.
Публічная лекцыя Святланы Алексіевіч у TivoliVredenburg. Фота: Maarten Mooijman
«Вашы кнігі паказваюць, што голас, голас асобы, можа даць штуршок гісторыі, якога ніхто не чакае», — сказала пра творчасць беларускай аўтаркі падчас імпрэзы галандска-беларуская пісьменніца Ліза Віда (Lisa Weeda).
Гэтаксама на форуме адбылася аўтограф-сесія Святланы Алексіевіч — атрымаць аўтограф беларускай аўтаркі выстройваліся чэргі.
З 2019 года прэмія Belle van Zuylen ring уручаецца пісьменнікам, якія ў сваіх творах актыўна закранаюць сацыяльныя тэмы. Раней пярсцёнак, названы ў гонар сусветна вядомай Утрэхцкай пісьменніцы Бэль ван Зёйлен (1740-1805), якая ў сваёй творчасці надавала вялікую ўвагу роўнасці і эмансіпацыі, атрымалі Чымаманда Нгозі Адычы, Маргарэт Этвуд і Алена Феррантэ. Пярсцёнак, распрацаваны мастачкай і ювелірам Карын Віхерс, з’яўляецца сумеснай працай муніцыпалітэта Утрэхта і ILFU.
ILFU — найбуйнейшы літаратурны фестываль у Нідэрландах, які доўжыцца два тыдні, прадстаўляе больш за 200 аўтараў і набірае больш за 20 000 наведвальнікаў. Фестываль зарадзіўся ў 1980 годзе, калі ў канцэртнай зале TivoliVredenburg ва Утрэхце на 2000 месцаў была арганізавана першая вечарына галандскай паэзіі (Nacht van de Poëzie). Нягледзячы ні на што, мерапрыемства, якое доўжылася 8 гадзін да самай раніцы, прыцягнула тысячы наведвальнікаў. За дзесяцігоддзі ILFU фестываль ператварыўся ў адно вялікае свята літаратуры, якое ахоплівае мноства жанраў: ад паэзіі да публіцыстычнай літаратуры, ад якасных фільмаў да літаратурнага тэатра і апавядальнага візуальнага мастацтва.