Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч у інтэрв’ю DW расказала, што не так зрабілі беларускія эліты ў 2020 годзе і ці шкадуе яна, што беларусы не ўжылі сілу ў той перыяд. Тэкст паводле відэа запісала «Наша Ніва».
«Мы, бо я таксама частка эліты, апынуліся ў вялікай нечаканасці. Мы не чакалі такога выхаду народа. Мы не чакалі, што нашы людзі здольныя на гэта», — адзначыла Алексіевіч і прыгадала, як незадоўга да маршаў у коле сяброў, якія сабраліся ў яе дома, казалі: «Не, наш народ спіць, нічога немагчыма».
Алексіевіч успамінае маладую дзяўчыну, якая на адным з маршаў стаяла з плакатам: «Дарагія беларусы! Даруйце мне. Я ў вас не верыла і хацела з’ехаць».
«Мы ішлі следам за падзеямі. Мы не чакалі гэтых падзей і ішлі следам за імі. І, вядома, людзей, якія ўсведамлялі, якія асэнсоўвалі, што адбываецца, амаль не было. Магчыма, я магу згадаць толькі Латушку. Вельмі разумны чалавек. І гэта было проста свята. Проста шэсце, як нас многа, якія мы добрыя, якія мы прыгожыя і ўвогуле будучыня — вось яна, побач. Але ўсё аказалася больш жорстка», — дзеліцца сваімі думкамі пісьменніца.
Алексіевіч згодна з меркаваннем некаторых пра тое, што мірны пратэст не меў ніякіх шанцаў на поспех, «бо побач быў гатовы да ўмяшання Пуцін». Але ў той час яна, як і многія іншыя, думала, што мірны пратэст таксама можа быць паспяховым:
«Таму што я ўяўляла — калі гэта тэхніка, якую я бачу раніцай, выпаўзе са сваіх завулкаў, то хто загіне першым? Гэта студэнты, маладыя людзі. Так. І я не магу сказаць: «Хадзем». Не, я не была з тых, хто мог паклікаць на кроў», — адзначае пісьменніца.
Пісьменніца нядаўна атрымала ліст: «Ну што, вашы шарыкі-банцікі? Калі б мы не баяліся крыві, то жылі б у іншай краіне».
«Баюся, што з-за Расіі мы не жылі б у іншай краіне. Мы з вамі бачым, на што здольны Пуцін. Ён бы не спыніўся. Беларусь ляжала б у руінах, як зараз ляжыць у руінах Украіна», — адказвае на такую заўвагу лаўрэатка Нобелеўскай прэміі і падкрэслівае, што ў яе няма шкадавання, што беларусы не выступілі інакш, больш напорыста.
«Я лічу, што мы ўсё зрабілі правільна. Мы даказалі сабе і свету, што гэта ўсё-ткі XXI стагоддзе, што трэба як-небудзь інакш, без крыві. Што вось гэта някрасаўскае «и дело крепко, когда под ним струится кровь» — гэта ўжо не павінна быць нашым дэвізам».
Алексіевіч лічыць, што, нягледзячы на тое, што мы не дабіліся сваёй мэты, нельга сказаць, што мы прайгралі:
«Мы сталі іншымі, свет пачаў глядзець на нас іншымі вачыма. Гэта вельмі шмат значыць. Вось пасля такой гістарычнай траўмы, драмы такой, калі людзей прагналі праз турмы, нягледзячы на гэта, памяць пра той жнівень будзе падтрымліваць нашу годнасць вельмі доўга, і гэта застанецца ў гісторыі».
Фота: «Позірк»