Святлана Алексіевіч не прысуджала і не ўручала прэмію палестынскім журналісткам
2024-11-18 16:06
Святлана Алексіевіч не прысуджала і не ўручала палестынскім журналісткам Сальме Аль-Каддумі і Хінд Аль Худары прэмію імя Паліткоўскай. Яна нават не ўваходзіць у журы гэтай прэміі.
Па словах пісьменніцы, сітуацыю раздзьмулі штучна і наўмысна — магчыма, працаваў КДБ:
"Я проста атрымала гэтую прэмію. І там ёсць форма — калі гэтую прэмію ўручаюць, 3-5 чалавек з мінулых лаўрэатаў выказваюць сваё меркаванне. Я была адной з такіх людзей. І там роўна тры сказы было.
І чамусьці такое жаданне ўсё гэта раздзьмуць, усё прыдумаць... Гэта нейкая хітрая гісторыя. Ці то КДБ, ці то нейкае агульнае жаданне, калі людзі ў канфлікце — пагоршыць яго, быць да яго датычным".
Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі дадае, што ў сваім меркаванні прызнала за жанчынамі-журналісткамі права распавядаць праўду пра сваю краіну — і не болей. Яна выказалася па надзённых пытаннях у новым — дадатковым выпуску праграмы "Ток".