Святлана Алексіевіч: «Ня трэба зашывацца ў кокан бясьсільля, трэба рыхтавацца да новага часу»
2022-01-09 19:57
Беларуская пісьменьніца і нобэлеўская ляўрэатка Святлана Алексіевіч, якая жыве цяпер у Бэрліне, дала вялікае інтэрвію DW. Яна разважае пра памылкі, якія дапусьціла Каардынацыйная рада ў жніўні 2020 году, філязофію Лукашэнкі, сваю новую любоў да беларусаў, пра герояў будучай кнігі і аб тым, чым у выніку скончыцца беларуская рэвалюцыя. Вось некалькі фрагмэнтаў інтэрвію.
«Лукашэнка ненавідзіць мяне»У верасьні 2020-га цягам дзесяці дзён пад маім домам дзяжурылі сілавікі ў цывільным. Нават кансьерж тэлефанаваў і прасіў не выходзіць: «Тут небясьпечна, невядомыя людзі ходзяць і аўтобусы стаяць». Паслы эўрапейскіх краін па чарзе начавалі ў мяне дома. Я вельмі ім усім удзячная. За сябе і за тое, што яны робяць усім нам.
Лукашэнка ненавідзіць мяне. Калі быў юбілей — 70 гадоў, ніводная газэта не напісала аб гэтым.
З «Новай газэтай» і Муратавым, які нядаўна атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру, цяпер адбываецца падобная гісторыя. Але Пуцін пакуль не дае каманду «фас». Інакш страшна ўявіць, што было б. Ён усё ж стараецца трымаць перад Захадам нейкі твар. Лукашэнка нават не спрабуе.
Стала зразумела, што дарога дадому зачыненая, калі даведалася, што амаль уся Каардынацыйная рада сядзіць. Да таго ж мяне палохалі ўмовы нашых турмаў. З маёй хваробай адзін раз пераначаваць на халоднай падлозе — і ўсё, ня трэба нічога іншага прыдумляць. Духам ты можаш гэта перанесьці, але ж ёсьць яшчэ і цела.
Маша Калесьнікава незвычайны чалавек. Яна выбрала такі шлях, захапляюся ёй. Я хацела напісаць кнігу аб усім, што адбываецца. Хто б даў мне зрабіць гэта ў Беларусі? Хто змог бы прыйсьці да мяне ў дом, каб расказаць сваю гісторыю? Я б не змагла абараніць сваіх герояў.
«Хачу жыць у Беларусі»
Але я хачу жыць у Беларусі. Я з цікавасьцю ежджу па сьвеце, шмат бачыла, але мне важна вярнуцца дадому. Там маё жыцьцё, мае героі, любімыя краявіды. Шкадую, што сыходзяць апошнія вясковыя старыя, якіх я памятаю зь дзяцінства і вельмі люблю.
Нядаўна стэлефаноўвалася са сваім знаёмым, і ён сказаў: «Ты сабе нават не ўяўляеш, як часам страшна выйсьці нават у краму, прайсьці міма чалавека ў балаклаве і з дубінкай. Як быццам не мая краіна, нас акупавалі». Я на самой справе не адчула гэтага.
«Наш народ абагнаў уладу»
Гэта ня тая ўлада, якая адукоўвае народ. Беларусі патрэбен свой Гавэл. У нас быў Адамовіч, але ў 1990-я абралі Лукашэнку. Але цяпер наш народ абагнаў уладу. Сёньня ён быў бы здольны абраць Адамовіча.
Новым Адамовічам ці беларускім Гавэлам маглі б стаць і Калесьнікава, і Ціханоўская, і Бабарыка. Ёсьць людзі. Лічу, што Бабарыка ў цэлым быў бы выдатным мэнэджэрам, і ён аднавіў бы разваліны, у якія сёньня пераўтвораная краіна. Бо мала таго, што яна разбурана эканамічна, — уся духоўная аснова разгромлена. Са школ, унівэрсытэтаў выганяюць найлепшых выкладчыкаў. Тое ж самае робіцца ў мэдыцыне, на заводах. Можна казаць пра гуманітарную катастрофу.
На шчасьце, Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Эўропы. Мы невялікая краіна, дыктатару тут няма дзе разгарнуцца. І ў Беларусі няма атамнай зброі, за што трэба паставіць помнік Станіславу Шушкевічу — чалавеку з сучасным поглядам на сьвет.
З Расеяй трэба навучыцца жыць. У гэтым і заключаецца задача сучасных палітыкаў — захаваць Беларусь як дзяржаву і выбудаваць з Расеяй нармальныя адносіны.
«Нам давядзецца жыць з тымі, хто нас біў і катаваў»
На што абапіраюцца «ябацькі»? Што гэта за людзі? Іх жа шмат. Няхай 20 працэнтаў — гэта ўсё роўна нямала. Каб пачаць грамадзянскую вайну, хопіць. Мы ўвесь час балянсуем на грані. Паслухайце Азаронка. Гэта не журналіст — ён правакатар, які паднімае ўсе гэтыя гадасьці зь цемры чалавечай. Я нават выпісала некаторыя ягоныя словы і адзін раз выкарыстоўваю іх у сваёй кнізе. Я хачу паказаць гэтых правакатараў і тое, што яны робяць з грамадзтвам.
На якія пытаньні я шукаю адказы ў сваёй кнізе? Іх шмат: пытаньне вайны і міру — адно з іх. Ці ўсё ж мелі мы рацыю, што не хацелі крыві? Я ва ўсіх пытаюся пра гэта. І людзі падзеленыя, між іншым. Жадаю напісаць аб чалавеку ў масцы і спакусе цемры, аб тым, чаму мы дагэтуль жывем па кнігах Салжаніцына. Чаму па ўсёй нашай гісторыі вандруе цэляфанавы пакет на галаве арыштаванага? Чаму адны людзі хавалі пратэстоўцаў, а іншыя вялі туды амапаўцаў?
І яшчэ пытаньне: нам давядзецца жыць з тымі, хто нас біў і катаваў. Як іх зразумець, каб не далучыцца да нянавісьці? І яшчэ, і яшчэ... Адкуль узяліся гэтыя цудоўныя людзі, якія выйшлі на вуліцу? Як яны сфарміраваліся, хто іх бацькі? Мне важна як мага больш пра іх расказаць.
Спадзяюся, пакуль напішу кнігу, фінал надыдзе.
«Гэта не параза — хутчэй, прыпыненьне руху»
Калі пасьля трох дзён зьбіцьця і зьнявагаў, пасьля сьветлашумавых гранат і гумавых куль, якія з дзесяці мэтраў б’юць, як баявыя, пасьля трох дзён, якія ўзрушылі ўвесь сьвет, на вуліцы выйшлі жанчыны, а за імі — сотні тысяч людзей, я была ўзрушаная. Усе мы былі ў захапленьні.
Столькі чалавечай годнасьці было ў гэтых падзеях, і я вельмі хачу расказаць пра гэта ў кнізе. Я зьбіраю сьведчаньні нашай годнасьці. Гэта важна для ўсіх нас, асабліва зараз, калі мы ў руках вайскоўцаў, калі грамадзянская супольнасьць зьнішчаная. Я не назаву гэта паразай — хутчэй, прыпыненьнем руху. Бо ўсё перажытае намі нікуды ня зьнікне. Але свабода, як мы цяпер зразумелі, — гэта доўгі шлях. Дзе ўзяць свабодных людзей пасьля лягера? Яны доўга растуць, фармуюцца. Вось толькі падрасло новае пакаленьне, якое можа сказаць аб сабе: я нарадзіўся не ў СССР.
«Мы наступілі на тыя ж граблі»
У 1990-х гадах мы аказаліся такімі рамантыкамі, і тут — тое ж самае. Якім чынам гэта адбылося другі раз? Я часта думаю пра гэта: як можна было наступіць на тыя ж граблі? Гэта наш ідэалізм... Поўная адсутнасьць палітычнай практыкі. Мы ўвесь час маем справу не з рэальнасьцю, а зь любімымі ідэямі. Магу сказаць, што ў нас не было цьвярозага ўяўленьня аб тым, што адбываецца. Яшчэ ў самым пачатку, як толькі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, я казала, што без крыві ён ня сыдзе. І многія прадчувалі гэта. Але за 26 год так шмат усяго адбылося, што мы страцілі пільнасьць.
Я памятаю людзей, якія выходзілі на маршы, — яны ня думалі ні аб якім узброеным паўстаньні. Для нас гэта было сьвята — сьвята адкрыцьця, захапленьня. Захапленьне ад саміх сябе.
Да гэтых дзён у кожным з нас жыў недавер да ўласнага народу. Раней кожны жыў у сабе і ня ведаў, што нас так шмат. Мы нарэшце ўбачылі гэта і ўзрадаваліся. А потым, канешне, страцілі час. Трэба прызнаць, што кіраўніцтва пратэстамі не было. Каардынацыйная рада не кіравала тым, што адбывалася. А нам трэба было не сыходзіць з вуліцы, пакуль не пайшоў бы Лукашэнка.
«Я была супраць крыві»
Я была супраць крыві і ўвесь час гэта паўтараю. Інакш мы б патрапілі ў тую прастору, у якой у нас не было б маральнага прыярытэту. У тыя дні мы перамагалі мудрасьцю, гандызмам. Мы так перамаглі мір. Нас немагчыма было расьцерці, як плошчу Цяньаньмэнь у Кітаі. А інакш мы далі б яму права гэта зрабіць. І першай бы загінула наша лепшая моладзь.
Наш народ горды, ён усю сваю гісторыю вучыўся абараняць сябе. І моладзь вельмі ахвярная, яна хоча жыць у свабоднай Беларусі. Але год таму мы не былі гатовыя. Я і цяпер не гатовая браць у рукі зброю. У нас апынуўся сурʼёзны супернік, які ваюе бяз правілаў, без гонару. Мы страцілі шмат людзей, а галоўнае — гэта такое прыніжэньне, такая сурʼёзная траўма для народа. Людзі церпяць, але ёсьць мяжа.
«Гэта можна назваць рэвалюцыяй»
Цяпер шмат кажуць аб тым, што беларуская рэвалюцыя прайграла. Не, я так ня думаю. Па-першае, ёсьць эліта, зьбіраецца эліта — у зусім новай якасьці. Ёсьць беларускі народ, у якога расплюшчыліся вочы. Людзі ніколі не забудуць, як яны сядзелі ў дварах і пілі гарбату, як разам ішлі на маршы. Многія героі маёй кнігі так і кажуць: «Мы жылі ад адной нядзелі да іншай, набіраліся там такой энэргіі, што выпростваліся плечы». Пачалося будаўніцтва нацыі.
Па-другое, так, цяпер нельга выходзіць на вуліцы, усё загнана ў галовы, але людзі ўсё роўна чакаюць перамен. Будзе нейкая кропка — ці то праз санкцыі, ці то праз самога Лукашэнку — а ён горшы вораг самому сабе, — пасьля якой усё зьменіцца. Мяркую, гэта адбудзецца імгненна.
Ня трэба зашывацца ў кокан бясьсільля, трэба рыхтавацца да новага часу. Дапамагаць тым, хто цяпер у турме, дапамагаць іх семʼям, дзецям. Не пабаюся тут гэтага слова — гэта дзеці герояў, найлепшых з нас.
Вельмі кардынальна памянялася сьвядомасьць людзей і іх адчуваньне сябе як нацыі. Так, гэта можна назваць рэвалюцыяй.