На Беласточчыне ў Нараўчанскай гміне на аграсядзібе «Бора-здруй» 17 — 19 снежня праходзіць літаратурны семінар «Бязмежжа». У ім удзельнічаюць пісьменнікі з розных узроставых генерацый, але ўсіх іх аб’ядноўвае тое, што яны звязалі свой лёс з беларускай культурай.
Сярод удзельнікаў літаратуразнаўца, прафесар Люблінскага ўніверсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай
Сяргей Кавалёў. З ім паразмаўляў
Васіль Кроква.
РР: Вы часта прыязджалі на Падляшша і ўдзельнічалі ў розных семінарах, літаратурных сустрэчах. А вось на «Бязмежжы» ўпершыню.
Сяргей Кавалёў: Упершыню і ўвогуле на Падляшша я прыязджаў не так часта, таму што неяк так сталася, што Люблін ён сам па сабе, Падляшша — само па сабе. Пра «Бязмежжа» я ведаю як пра брэнд шматгадовы, шмат людзей на ім бывала. І я ведаю, што ён выконваў вельмі важную ролю ў свой час такога моста паміж беларускай літаратурай метраполіі ў Беларусі і паміж беларускай літаратурай тут, у Польшчы. Гэта былі сустрэчы, абмен досведамі, пасля 20-га года так уяўляю, што ўсё змянілася. Зараз гэта можна сказаць сустрэча беларускіх літаратараў, якія нарадзіліся ў Польшчы і беларускіх літаратараў, якія ў Польшчу прыехалі.
РР: Так аказалася, што тыя беларускія пісьменнікі, якія ўдзельнічаюць, яны якраз зараз жывуць у Польшчы. Напэўна, складана з Беларусі прыехаць па розных прычынах. Якія чаканні ад сустрэчы?
Сяргей Кавалёў: Я паглядзеў праграму і зразумеў, што падчас гэтага фестывалю ўсе дзеляцца навінамі, сваімі выданнямі, новымі творамі і ўзнікае агульная прастора беларускай літаратуры, я думаю, што не толькі ў Польшчы, таму што няма ўдзельнікаў з Беларусі, але ёсць з Вільні, напрыклад, Ціхан Чарнякевіч. Таму можна сказаць, што гэта і Літва, і Польшча. І гэта ствараецца як бы мапа літаратуры беларускай у Польшчы. Вось я на гэтай мапе хачу якраз прадставіць Люблін і расказаць, што адбываеццца, звязанае з беларускай літаратурай, культурай менавіта ў Любліне.
Цалкам гутарка — у далучаным гукавым файле!
Беларускае Радыё Рацыя