“Дом Творцаў”, створаны ў Варшаве для падтрымкі рэпрэсаваных культурных дзеячаў, працягвае збор сродкаў.
“Нядаўна мы запусцілі продаж карцін нашых мастакоў”, – распавёў кіраўнік рэзідэнцыі Сяржук Доўгушаў.
– На сённяшні дзень нам засталося сабраць грошы, каб аплаціць тры месяцы арэнды. Тады мы зможам працягнуць нашу справу і агулам мы захаваем нашу дзейнасць і ўсё, што мы рабілі раней. Планаў вельмі шмат, пра якія не хачу зараз з усімі дзяліцца. Самае асноўнае – гэта датрымаць да канца гэтага году, а з наступнага ў нас ужо пачнецца яшчэ больш розных праектаў. Акрамя ўсяго мы пачалі рабіць платформу, гэта ўжо даўно хацелася зрабіць. У снежні нам будзе тры гады. Зараз ідзе праца над анлайн-платформай, дзе можна будзе пабачыць усю нашую дзейнасць за гэтыя тры гады. Пра рэзідэнцыі больш інфармацыі, пра дом.
Пабачыць, што робяць нашыя творцы, пабачыць галерэю. Хачацца, каб кожны наведнік мог пабачыць анлайн, як выглядае тая ці іншая карціна. Мы вядома выстаўляем іх на продаж. Гэтая продаж з’яўляецца падтрымкай для беларускага мастацтва, падтрымкай нашых мастакоў. Таму наш збор працягваецца, нам не хапае яшчэ на тры месяцы, каб завяршыць гэты год. Акрамя гэтага мы запусцілі глабальны продаж карцін мастакоў, якія ўдзельнічалі ў нашых рэзідэнцыях, якія тут жылі і працавалі. Якім мы давалі магчымасць рэалізаваць іх праекты. Таму можна падтрымаць нашу дзейнасць і агулам беларускую культуру набыўшы нейкі твор мастацтва.
РР: Распавядзіце калі ласка трохі больш пра самі карціны.
– Самае асноўнае, што хачу падкрэсліць – гэта працы, якія ствараліся падчас рэзідэнцый. Мы запрашалі творцаў, яны ўдзельнічалі ў нашых рэзідэнцыях. Мы набывалі патрэбны матэрыял, каб яны маглі рэалізаваць задуманае і яны тварылі, мы не абмяжоўвалі нейкай тэмай. Была серыя прац на пэўную тэму, там былі розныя тэмы. Але збольшага творцы стваралі ўсё, што ў іх было ўнутры. Часамі некаторыя людзі скардзяцца, што нейкія ў нас дэпрэсіўныя працы.
Зразумела, але гэта высокага ўзроўню, нягледзячы на тое, што яны маюць такія колеры і стыль. Яны могуць добра глядзецца ў нейкай галерэі, якія іх могуць набыць. Яны могуць быць на іншых выставах прадстаўлены і так далей. Ёсць розныя, напрыклад на сёння ў нас найчасцей прадаюцца карціны мастака, які быў на нашых выставах не раз і больш за ўсё карцін яго набылі. Яны ў прынцыпе не дарагія і колеры радуюць вока, яны вельмі такія пазітыўныя, гарадскія нейкія пейзажы, таму больш за ўсё набываюць такія карціны. У нас прадстаўлена і шмат авангарду.
Акрамя карцін ёсць і скульптура, ад скульптараў, якія ўдзельнічалі ў рэзідэнцыі. Частка твораў мастакоў, якіх мы не можам агучыць. Яны зараз знаходзяцца ў Беларусі, гэта небяспечна. Таму часам мы распавядаем, што за мастак, пра яго ўзнагароды і дасягненні. На сённяшні дзень у галерэя “Дому Творцаў”, мне здаецца, захоўваецца больш за сто твораў мастацтва. Мы гэта выстаўляем на продаж.
Тут розныя мастацкія стылі, розныя ўзроўні. Мы не бралі ў рэзідэнцыю толькі паспяховых ці мастакоў, якія маюць за сабой 20-30 розных рэзідэнцый ці зрабілі сотню сваіх выстаў. Нашай задачай была падтрымка тым, каму гэта неабходна. Гэта людзі, якія прайшлі рэпрэсіі, гэта людзі, якія былі і ў зняволенні, людзі якія апынуліся без працы, без магчымасці тварыць, якім трэба было вяртацца ў сваю прафесію. Таму адначасова ў нас у рэзідэнцыі маглі быць вядомыя мастакі з Беларускага саюза мастакоў, якіх пазбавілі гэтага звання.
З другога боку маглі быць і маладыя студэнты, якія толькі скончылі Акадэмію мастацтваў. Былі тыя, хто проста мастацкую школу скончылі. Гэтым людзям патрэбна была падтрымка, патрэбна была дапамога. Таму ў нас пры адборы людзей, рэзідэнтаў нашых, мы глядзелі, што гэта дапамога, падтрымка. Чалавек, які быў рэпрэсаваны, які знаходзіцца ў такім стане, што яму проста трэба дапамагчы. Ну і канешне цікавыя працы таксама заўсёды разглядалі. Што ў чалавека ёсць талент, што мы дапаможам яго яшчэ больш развіць і рэалізаваць.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Падтрымаць збор можна таксама на платформе Bysol.
Беларускае Радыё Рацыя