Сяржук Сыс: Гэты дзень забыць нельга
2022-07-14 20:25
Роўна год прайшоў з таго дня, як сілавікі абрынуліся на праваабарончы цэнтр “Вясна”. Ператрусы ў офісах арганізацыі, затрыманні і допыты яе сяброў… Але тры з іх тады так і не былі адпушчаны.
Успамінамі пра той дзень у размове з нашай карэспандэнткай дзеліцца Госць Рацыі — праваабаронца і журналіст Сяржук Сыс.
РР: Згадайце, калі ласка, гэты дзень і скажыце, калі вы апошні раз бачыліся з трыма затрыманымі прадстаўнікамі “Вясны” (Бяляцкім, Стэфановічам і Лабковічам). Вас таксама ў той дзень 14 ліпеня затрымлівалі, але праз некаторы час вызвалілі.
Сяржук Сыс: Гэты дзень забыць нельга, я здзівіўся, што прайшоў ужо год, імкліва праляцеў. Чатырнаццатага з шасці ранку спачатку мяне затрымлівалі, пасля я ўжо днём даведаўся, што сем чалавек затрымалі, але з іх чатырох выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, а траіх трымаюць у следчым ізалятары роўна год.
Той ранак забыць нельга, бо ў мяне было некалькі допытаў. Адзін пачаўся раніцай да дванаццаці гадзін, і пасля допыту я папрасіў, каб мяне прывялі ва ўнутраны дворык пакурыць цыгарэту. І там тэт-а-тэт са следчымі запытаўся: мяне аднаго затрымалі? Калі мне паведамілі, што ўсіх, з аднаго боку неяк устрывожыўся, з іншага – супакоіўся, што не адзін я. Калі ўсіх, то ўсё зразумела.
Так 14 чысла я пабачыў, калі ўжо прывезлі на допыт у цэнтральны апарат Следчага камітэта, Уладзя Лабковіча. Яго вялі ўжо пасля допыту, таму што быў абед, а яго зранку дапытвалі. Вялі ў аўтамабіль, які яго павёз на Акрэсціна. Ён ішоў у суправаджэнні аховы, асобы былі ў цывільным. Я бачыў яго крыху такую ўстрывожанасць, разгубленасць і абурэнне. Вось такія пачуцці засталіся. А мяне якраз з аўтамабіля выцягвалі на допыт, а яго вялі. Гэта запомніцца, вось гэты твар. Штосьці трывожнае было ў гэтай сустрэчы.
І потым вечарам, ужо на Акрэсціна, самая цікавая ў нас была сустрэча, таксама развялі рознымі бакамі з нашай адной супрацоўніцай-праваабаронцай, якая таксама знаходзіцца па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства. Яна з суседняй камеры насупраць, жаноцкай. Доўга, рашуча і настойліва патрабавала, каб ёй адчынілі акно, тлумачыла, што яна баіцца гэтай замкнёнай прасторы, што яна задыхаецца. Яе раз там адправілі, “адфутболілі”, другі, трэці. Але яна дасягнула свайго. Назіральнік, які не прыслухоўваецца да такіх просьбаў, усё ж зайшоў і адчыніў спецыяльным кручком фортку, каб ішло свежае паветра. Так што нашы людзі і за кратамі неяк адстойвалі свае правы.
А 15 у мяне была трывожная ноч, і самае страшнае было ў гэты дзень, на другі дзень затрымання, калі ў вялікай камеры на восем чалавек я застаўся адзін да трох гадзін. Гэта цішыня, невядомасць: чаму мяне нікуды не цягаюць і няма тут нікога. Гэта такое катаванне адзінотай.
У тры гадзіны сказалі: Сыс выходзьце на допыт. Тады, калі мяне паставілі ў калідоры тварам да сцяны, Алеся Бяляцкага прывялі з допыту, і яго паставілі да супрацьлеглай сцяны. Мы павярнуліся. Алесь вельмі сціпла, але вельмі цёпла ўсміхнуўся мне і паказаў пальцамі вікторыю. Але адразу прагучалі каманды: адвярнуліся, маўчаць! Але мы нічога не гаварылі, мы вачамі абмяняліся позіркамі. І я ўбачыў яго вялікую падтрымку, што ўсё будзе добра. І гэта той вобраз, які немагчыма забыць. Проста стаіць у вачах дагэтуль.
А так падчас далейшых допытаў у Следчым камітэце мяне часам выводзілі ў калідор з кабінета, кагосьці яшчэ заводзілі, было вельмі горача. Тады былі вельмі спякотныя дні ліпеня, і ў кабінетах следчых былі адчыненыя дзверы. І я чуў галасы Андрэя Палуды, іншых сяброў “Вясны”, якіх дапытвалі ў розных кабінетах. Цэлы паверх, і паўсюль была “Вясна”.
Потым з аднаго кабінета вывелі яшчэ аднаго нашага праваабаронцу, і мы ўсміхнуліся, памахалі рукамі, там можна было. Толькі размаўляць не давалі.
Мне гэты дзень запоўніўся назаўсёды. Хіба такое забудзеш?
Акрамя Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і Валянціна Стэфановіча, якіх затрымалі 14 ліпеня 20201 года, за кратамі застаюцца яшчэ чатыры прадстаўнікі праваабарончага цэнтра “Вясна”.
Беларускае Радыё Рацыя